Агляд прэсы: у тумане



Войскі Пуціна набліжаюцца да Еўропы. Украіну папярэдзілі аб расейскай ваеннай эскалацыі гэтай зімой. Вынікі канферэнцыі ААН па клімаце. Аўстрыя ўвяла лакдаўн для непрышчэпленых. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 «Пры дапамозе нечаканых ваенных вучэнняў Масква ўмешваецца ў канфлікт на беларуска-польскай мяжы. Пад маркай абароны Беларусі Расея можа ўзмацніць там сваю ваенную прысутнасць. Але Пуцін праяўляе актыўнасць і па іншай прычыне», – піша нямецкая газета Die Welt.

«З-за парушэнняў мяжы Польшча павялічыла прысутнасць сваіх войскаў там да 15 тысяч салдат. Дыктатар Беларусі адрэагаваў на гэта рэзкай рыторыкай: польскія салдаты, паводле яго слоў, з’яўляюцца «фашыстамі». Ён таксама ўзмацніў супрацьпаветраную абарону на мяжы і звярнуўся па дапамогу да свайго старэйшага брата ў Маскве. Расейскія стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі павінны, паводле яго слоў, рэгулярна патруляваць заходнюю мяжу Беларусі», – адзначаецца ў матэрыяле.

«На днях расейскія ВПС накіравалі ў Беларусь два ядзерныя бамбардзіроўшчыкі Ту-160. У пятніцу, праз два месяцы пасля сумесных ваенных вучэнняў «Захад», беларускія і расейскія паветрана-дэсантныя войскі былі перакінуты для правядзення манеўраў на Гожскім ваенным палігоне ў Гарадзенскай вобласці. Неабходна ўважліва сачыць за ваеннай актыўнасцю Расеі ў Беларусі. Яна можа спрытна выкарыстаць крызіс на мяжы, каб размясціць войскі пад маркай «абароны Беларусі», – піша Die Welt.

Паводле выдання, Крэмль зараз назірае, ці спрацуе шантаж Лукашэнкі ў дачыненні да ЕЗ. «Калі Брусэль сапраўды заключыць здзелку па бежанцах з Беларуссю, з Бруселя ў Менск будуць паступаць грошы. Пры гэтым Пуцін і Лукашэнка перажываюць разгар складанай барацьбы за ўладу. Дыктатар Беларусі з’яўляецца для кіраўніка Крамля не толькі партнёрам, але і перашкодай. Грашовую падтрымку Пуцін, вядома, прадаставіць Менску толькі ў абмен на адпаведныя саступкі. А таму Масква можа выкарыстоўваць крызіс у любым напрамку», – перадае Die Welt.

«Намеснік міністра абароны Украіны заявіла, што высновы заходняй выведкі аб рызыцы вайны заснаваныя не толькі на перакідванні расейскіх войскаў да мяжы», – піша брытанская газета Financial Times і прыводзіць дадзеныя амерыканскай выведкі.

Паводле прыведзенай інфармцыі заходняя выведка прадугледжвае «высокую верагоднасць дэстабілізацыі» на тэрыторыі Украіны з боку Расеі будучай зімой.

«Перакідванне расейскіх войскаў адбываецца ў раёне сепаратысцкага Данбаса на ўсходзе Украіны, дзе два прарасейскія анклавы вядуць марыянетачную вайну з Кіевам з 2014 года, а таксама ў іншых раёнах на паўночны ўсход ад Украіны і анэксаваным Крыме. Паводле ацэнак Кіева, Расея разгарнула да 114 000 вайскоўцаў на поўнач, усход і поўдзень Украіны, з іх каля 92 000 салдат сухапутных войскаў, а астатнія – прадстаўнікі ВПС і ВМФ. Вашынгтону яшчэ трэба будзе сфармаваць канчатковае меркаванне аб намерах Пуціна на аснове розных ацэнак расейскай пагрозы Украіне. Пры гэтым ЗША асцерагаюцца, што нядаўнія перамяшчэнні больш сур’ёзныя за падобныя манеўры мінулай вясной, калі Масква засяродзіла ля межаў аналагічныя сілы ў межах незапланаваных вучэнняў», – канстатуе брытанскае выданне.

Па выніках перамоваў, якія занялі два тыдні, удзельнікі Канферэнцыі ААН па пытаннях зменаў клімату ў Глазга прадставілі тэкст заключнага камюніке, якое падпісалі каля 200 краін свету. Фармулёўкі адносна адмовы ад вугалю ў канчатковай версіі дакумента не былі дастаткова імператыўнымі, каб дасягнуць кампрамісу з Кітаем і Індыяй. Ці будуць краіны выконваць патрабаванне давесці да розуму недапрацаваныя планы па абароне клімату да канца 2022 года – аддадзена на іх уласнае меркаванне.

На думку нямецкай газета tagesschau.de, саміт стаў суцэльным расчараваннем.

«Канферэнцыя поўнілася туманнымі абяцаннямі: знізіць выкіды метану, высякаць менш лясоў, паскорыць адмову ад вугальнай энергетыкі. Але адзін толькі пункт аб вугалю ў заключным камюніке сфармуляваны настолькі каламутна, што нават Аўстралія і Індыя, якія выкарыстоўваюць вугаль па поўнай праграме, маглі б пад ім падпісацца, бо ў адпаведнасці з ім гэтым краінам наогул нічога не прыйшлося б змяняць. ЗША і Кітай маюць намер утварыць рабочую групу па абароне клімату. Вы чулі? «Працоўную групу» – гэта ж проста курам на смех! Па заканчэнні сямі месяцаў таемных перамоў паміж мега-забруджвальнікамі ці дасягнуты нейкія канкрэтныя дамоўленасці? Ніводнай! Аднымі абяцаннямі не атрымаецца абараніць клімат, не кажучы ўжо пра ўвасабленне іх у жыццё», – адзначае нямецкае выданне.

У Аўстрыі ўведзены лакдаўн для непрышчэпленых: каля двух мільёнаў грамадзян краіны, якія не зрабілі прышчэпку і не перахварэлі на ковід, з гэтага часу змогуць пакідаць сваё жыллё толькі па самых неадкладных справах, напрыклад, каб дайсці да прадуктовай крамы або дабрацца да працы. Улады вырашыліся на ўвядзенне гэтай апошняй з пяці антыкаронных мер, паколькі кавідныя пацыенты занялі больш за 30 адсоткаў ложкаў у палатах інтэнсіўнай тэрапіі.

«Чэшскае кіраўніцтва паводзіць сябе так, нібыта ў кантэксце пандэміі Чэхія – усяго толькі іншы назіральнік», – са шкадаваннем адзначае чэшская газета Lidové noviny.

«Аўстрыйцы, нідэрландцы або датчане, у якіх прышчэплена значна больш людзей, чым у нас, узмацняюць жорсткасць антыкавідных мераў. Мы ж не робім нічога. У суседніх краінах нарастае паніка, і толькі ў нашай краіне каля руля ўлады знаходзяцца сапраўдныя вершнікі свабоды. Становішча занадта сур’ёзнае, каб шчэрыць зубы: колькасць шпіталізаваных і памерлых расце. Некаторым клінікам ужо даводзіцца абмяжоўваць колькасць прымаемых пацыентаў. Не, падобнага мы сапраўды не жадаем, нам такога не трэба. Але тады нам не патрэбна купка дылетантаў, якія ні ў чым не разбіраюцца, нічога не кажуць і ўжо сапраўды нічога не робяць», – з горыччу піша чэшскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка