Бярозаўскі шклозавод “Нёман” перажывае крызіс



З пачатку года істотна зменшыліся заробкі у працоўных  Бярозаўскага шклозавода “Нёман”, што знаходзіцца ў Лідскім раёне Гарадзенскай вобласці. Паводле супрацоўнікаў прадпрыемства, гэта выклікана ў першую чаргу скарачэннем працоўнага тыдня – завод перайшоў на чатырохдзёнку, а кіраўніцтва разглядае  пытанне пра трохдзённы рэжым працы. Калі да новага года  заробак складаў 3,5–4 мільёны рублёў, то ў сувязі са скарачэннем працоўнага тыдня выплаты зменшыліся ў сярэднім на 1 мільён, што па словах актывіста незалежных прафсаюзаў Васіля Корабава сведчыць пра агульную сітуацыю ў эканоміцы краіны:

Перадусім гэта сведчыць пра тое, што ў краіне няма грошай. Гэта адназначна. І каб пакрыць пазыкі, трэба дзесьці ўзяць грошы. Гэта значыць урэзаць заробкі працоўных праз памяншэнне працоўных дзён, адпраўленне людзей у нейкія надуманыя адпачынкі. Апроч таго, ідзе скарачэнне людзей.

Бярозаўскі шклозавод “Нёман”, які з’яўляецца горадаўтвараючым прадпрыемствам,  пастаўляе прадукцыю больш чым у дваццаць краін свету. Негледзячы на гэта, эканамічнае становішча на заводзе доўгія гады застаецца стабільна цяжкім. Мільярдныя крэдыты дзяржавы, накіраваныя на папаўненне абаротных сродкаў, скарыстоўваюцца ў асноўным на вяртанне пазыкаў банкам і выплату заробкаў працоўным.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота proza.ru