Пра тое, чаму міграцыйны крызіс – іміджавая параза Беларусі
Вось ужо больш за год тэма Беларусі не сыходзіць з першых старонак сусветных СМІ. Калі раней выданні факусаваліся на праблеме палітычнага крызісу і спадарожных яму з’явах (кшталту катастрафічнай сітуацыі з правамі чалавека), то цяпер міжнародныя медыі канцэнтруюць высілкі на асвятленні міграцыйнага армагедону на беларуска-польскай мяжы. На фоне апакаліптычных фотаздымкаў бежанцаў з Бліжняга Усходу з малымі дзецьмі, якія ва ўмовах надвор’я позняй беларускай восені апынуліся паміж двума кардонамі сілавікоў, адышлі на задні план пытанні амаль 900 палітычных зняволеных у беларускіх турмах, пераследу незалежных СМІ, судовых расправаў над апанентамі ўлады, прымусовай ліквідацыі аўтарытэтных недзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў і іншых прыкметаў усталявання жорсткага аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. І галоўнае, нават самаахвярнае і высакароднае змаганне беларусаў за дэмакратыю, якім захапляўся ўвесь свет, забылася на фоне падзей, якія можна назваць “страшным сном еўрапейца”.
Міграцыйны крызіс на ўсходняй мяжы з ЕЗ – тэма, якая не мае простага рашэння і якая нясе шэраг выклікаў для аб’яднанай Еўропы. Пакуль еўрапейскія эліты шукаюць варыянты вырашэння праблемы нелегальных мігрантаў, якія атакуюць польскіх памежнікаў у спадзеве трапіць на тэрыторыю ЕЗ, унутры Беларусі таксама ідзе дыскусія наконт таго, як уласна ставіцца да мігрантаў. Але, у любым разе, можна канстатаваць, што беларускае грамадства замерла ў ступары, што можна патлумачыць як шокам ад рэпрэсіўных дзеянняў улады ў паслявыбарчы перыяд, так і характарам міграцыйнага крызісу, да якога яўна не былі гатовыя беларусы.
Беларусь як дзяржава з кожным днём знаходжання на яе тэрыторыі лагера ўцекачоў церпіць іміджавыя страты. У сусветных медыях замацаваўся ўжо штамп пра “беларускіх мігрантаў”, які на доўгія гады запомніцца спажыўцам інфармацыі. І зусім не важна, што гэта не грамадзяне Беларусі штурмуюць мяжу з дапамогай ствалоў дрэваў, камянёў і іншых прыладаў. Але разбірацца ў гэтым нюансе мала хто будзе. З украінскай медыяпрасторы ў польскую, з польскай у нямецкую, з нямецкай у амерыканскую качуе выраз “беларускія мігранты”, які ў бліжэйшыя гады будзе асацыявацца з Беларуссю як дзяржавай. Калі да нядаўняга часу Беларусь успрымалася ў свеце як краіна з развітым ІТ-сектарам, свабодалюбівым і сучасным грамадствам, таленавітымі культурнымі дзеячамі, то цяпер нашае месца – сярод так званых дзяржаваў з катэгорыі failed state.