„Не, не дамо сябе спіхнуць з вялікага гістарычнага шляху!”
На сённяшні дзень, як і стагоддзе таму, куды і з кім ісці Беларусі – пытанне актуальнае. Цяжка сказаць у якой адсоткавай прапорцыі, няхай даследванні робяць сацыёлагі, але яно аб’ектыўна дзеліць жыхароў краіны на два ўмоўных лагера “Захад” і “Усход”. З відавочным паскарэннем пачалося падпісанне шэрагу саюзных дамоў з Расеяй і па гэтым у грамадстве шмат дыскусій. Хтосьці выказвае трывогу, хтосьці мае надзеі…
Напачатку ХХ стагоддзя грамадскія дзеячы актыўна прасоўвалі ідэю, што пры любым геапалітычным становішчы Літва і Беларусь мусяць быць разам, не выключаўся хаўрус з Польшчай. Нарадзілася плынь “краёўцаў”, якія да Першай Сусветнай вайны выказваліся за аўтаномію гістарычнай Літвы ў складзе Расейскай імперыі, а пасля яе падзення, мроілі пра аднаўленне Вялікага княства Літоўскага.
“Краёвая канцэпцыя” перадусім грунтавалася на гістарычным досведзе, культуры і традыях жыхароў беларуска-літоўскіх зямель, таму плынь не была чымсьці штучным. Існавалі некалькі накірункаў “краёўцаў”, якія, ці то мелі поспех, ці то прыходзілі ў заняпад, у залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў краіне і вакол яе.
Дзесяткі выбітных асобаў унеслі істотны ўнёсак у фармаванне і дапаўненне ідэі, між іншых – Канстанцыя Скірмунт. Сёлета ейнае 170 годдзе. Публіцыстка, гісторык нарадзілася ў 1851 годзе ў маёнтку Калоднае Пінскага павета (цяпер невялікая вёска Столінскага раёна – аўт.). Яна дачка нескаронай літвінкі, мастачкі, скульптара. Маці Хэлена ўзяла ўдзел у вызваленчым паўстанні 1863-64 гадоў. За выступ супраць Расеі царскі ўрад атабраў у сям’і маёмасць і саслау ў Тамбоў, а пазней перавезлі ў Крым.
Канстанцыя Скірмунт (1851-1933) і Хэлена Скірмунт (1827-1874), з архіва аўтара.
Чым Скірмунты з Калоднага дапамаглі барацьбітам за волю? У ліпеньскія дні 1863 года каля маёнтка адбыліся жорсткія баі паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. Праз палескія балоты на Валынь прабіраўся атрад Рамуальда Траўгута. Дабраўшыся да ракі Гарынь, Траўгут загадаў арганізаваць засаду для карнікаў, якія іх пераследвалі. Аперацыя прайшла паспяхова, але, разбіўшы адну групу жаўнераў, генерал не чакаў, што за тымі ідуць яшчэ дзве роты вайскоўцаў. У ходзе другой бітвы ўжо пацярпелі паўстанцы.
Траўгут, разумеючы, што сілы няроўныя, загадаў сваім людзям разбіцца на дробныя групы і прабірацца да месца прызначэння. Паўстанцы растварыліся ў палескіх лясах. Праціўніку ўдалося схапіць частку параненых патрыётаў, але галоўнай мэты – арышту або ліквідацыі Траўгута – яны не дасягнулі.
Палонных барацьбітоў чакала смерць – расейскія жаўнеры ўчынілі варварскую расправу. Хэлена ўзгадвала, што карнікі прывялі да парога яе дома палоннага і распаролі яму ва ўсіх на вачах жывот. Доўга смяяліся і здзекаваліся над целам.
Гаспадыню маёнтка арыштавалі і адправілі на допыт у Пінск. Ёй інкрымінавалі ўдзел у паўстанні ў якасці сувязной, што мела месца. Хэлена не адмаўляла сімпатый да паўстанцаў. Яшчэ за два гады да узгаданых падзеяў яна ўвекавечыла на палатне акцыю пінскай моладзі – усталяванне “дэманстрацыйнага крыжа” каля пінскага касцёла ў памяць аб пяці забітых падпольшчыках у Варшаве.
Канстанцыя разам з бацькай вярнулася ў Пінск у 1874 годзе, калі заўчасна памерла яе нескароная маці. Цела Хэлены перавезлі на родную зямлю і пахавалі на пінскіх старажытных могілках.
Такая сямейная гісторыя нібы прадказала лёс старэйшай дачкі. Яе зацікаўленасць, любоў да мінуўшчыны Айчыны была натуральнай. Можа Канстанцыя шукала адказ для сябе, чаму маці і бацька не паступілі інакш, не сталі на калені перад Расейскай імперыяй, не запісалі сябе ў “русское дворянство”.
“Канстанцыя Скірмунт належыць да той групы інтэлектуалаў і палітычных дзеячаў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, якія адстойвалі традыцыі нацыянальнай і рэлігійнай таляранцыі на землях гістарычнай Літвы і супрацьставіліся дактрыне нацыянальнага эгаізму. Без энергічнай постаці гэтай прадстаўнічкі роду Скірмунтаў немагчыма ўявіць гісторыю “краёвай ідэі”, якая ў эпоху этнакультурных нацыяналізмаў на землях Беларусі і Літвы адстойвала прыярытэт палітычнага (грамадзянскага) разумення нацыі. Яна была вядомая як аўтарка папулярных кніг па гісторыі Літвы: “Dzieje Litwy. Opowiedziane w zarysie”, “Z najstarszych czasów plemienia litewskiego”, “Nad Niemnem i nad Bałtykiem”, “Mindog, król Litwy” ды інш. Асаблівасцю яе канцэпцыі было сцвярджэнне адметнасці лёсу гістарычнай Літвы і крытычная ацэнка палітычных польскіх уплываў. Кнігі выклікалі асаблівую цікавасць у літоўскіх чытачоў і былі перакладзеныя на літоўскую мову.
Звярнулі на іх увагу і беларускія выдаўцы. Так, улетку 1906 года Канстанцыя Скірмунт атрымала прапанову выдавецтва “Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” напісаць гісторыю Беларусі. Важнасць гэтай справы яна выдатна разумела. Але па невядомых прычынах пераадрасавала гэтую прапанову Аляксандру Ельскаму…”, – з артыкула Аляксандра Смаленчука “Мы вартыя культуры і гістарычнай праўды…”.
Вядома, што Канстанцыя з гэтай нагоды ліставала Ельскаму, прасіла ў яго не адмаўляцца і напісаць “народную” кнігу для чытання пра Беларусь. Хвалявалася, што калі аўтарытэтны гісторык адмовіцца, то справу можа падхапіць іншы і ўсё сапсаваць.
У перыядычным друку актыўна выступала як публіцыст, супрацоўнічала з часопісам “Край”, газетамі “Віленскі агляд” і “Віленскі кур’ёр”, выдала два зборнікі артыкулаў з перыядычных выданняў, брашуру “Ягелонская ідэя і крэсавая палітыка”.
“Ужо сямсот гадоў, калі Літва пачала яднацца з Беларуссю, і пяцьсот гадоў, калі да гэтага саюзу на нашай зямлі далучылася Польшча са сваёю высокай культурай і жывым удзелам асобаў ды згуртаванняў – межы Вялікага Княства, як зменшанае адлюстраванне усёй Рэчы Паспалітай, былі класічнай зямлёй суіснавання братніх народаў, і гэтыя рысы ў новых формах перададзеныя сённяшняму дню. Кожны з нас, мужык або шляхціч, на зямлі Літвы ці Беларусі мае аднолькавае права з годнасцю звацца літоўцам, палякам альбо беларусам. Кожны з нас мае права культурнымі і маральнымі спосабамі фармаваць і развіваць свой народ. Кожнаму з нас належыць зямля пад нагамі, неба над галавой і вялікая мінуўшчына краю. І гэтыя правы, прынятыя ад гісторыі, сённяшні дзень перадае будучыні.
Трэба, аднак, прызнаць, што сённяшні дзень ёсць цяжкай для ператрывання, пераломнай эпохай. Злыя сілы закрылі нам чорнымі крыламі сонца справядлівасці і любові – сацыялізм раздзьмухвае хцівасць масаў, семітызм раздвойвае сацыяльныя слаі і атручвае этыку народа, расперазаная анархія прыглядаецца ды рве там, дзе можа аслабіць асновы ладу. За гэтымі пачварамі, нібы прыслужнікі ў свіце, ідуць нацыянальныя шавінізмы: літоўскі і польскі. Яны аднолькава агідныя і тады, калі гаротны ды сярмяжны натоўп штурхае адзін аднаго ў вясковым касцёле, і тады, калі пераследуюць праціўніка з вартаю жалю лютасцю на старонках газетаў – шавінізмы, якія выводзяць з раўнавагі нават справядлівыя і найглыбейшыя розумы сярод нас.
Не, не дамо сябе спіхнуць з вялікага гістарычнага шляху! Хай адвечнае братэрства не будзе для нас пустым гукам. Ганьба таму, хто нечым зашкодзіць нашаму братэрству народаў! Пакінем гакатызм суседзям, а ў нашых унутраных адносінах пазбавімся перадусім усялякай няпраўды і “не будзем мець ніякіх хаўрусаў з аблудаю”, – урывак з артыкулу К.Скірмунт “Наша “тутэйшасць”” надрукаванага ў газеце “Kurier Litewski” у 1906 годзе.
Словазлучэнне “братэрскі дух” і “братэрскі саюз” публіцыстка часта выкарыстоўвала і не толькі ў друку, напрыклад, у прыватных перапісках. Мелася на ўвазе хаўрус Літвы і Беларусі, ў некаторых выпадках далучалася Польшча. За гады дзейснага беларускага рэжыма гэтае словазлучэнне, месца якому знайшлося нават у дзяржаўным гімне, набыла іншы сэнс – ідэолагі ўкладваюць у галовы грамадзян існаванне непахіснага саюзу Беларусі і Расеі.
Стагоддзе мінула, як Канстанцыя Скірмунт фактычна заклікала сваіх сучаснікаў: “Не, не дамо сябе спіхнуць з вялікага гістарычнага шляху!”. Тады ўсё ж спіхнулі і так запіхнулі. А што сёння, куды ідзем, з кім ідзем, які той шлях наперадзе? Нібы дагэтуль на нашай зямлі ўсё пануюць тыя злыя сілы, што закрылі нам чорнымі крыламі сонца справядлівасці і любові… Атрымоўваецца, многае з напісанага нашай гераіняй не страціла актуальнасці.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя.