Флагманы Беларусі зноў пабілі гістарычны рэкорд па даўгах



Буйныя і сярэднія прадпрыемствы краіны назапасілі даўгоў больш, чым прагнозны ВУП за 2021 год. Папярэдні максімум пратрымаўся ўсяго 3 месяцы.

Сумарныя даўгі буйных і сярэдніх кампаній РБ на 1 кастрычніка склалі 162,780 млрд BYN. Гэта максімальнае значэнне доўгу за ўвесь перыяд замераў па прынятай у краіне методыцы. Папярэдні рэкорд быў устаноўлены 1 ліпеня і такім чынам пратрымаўся толькі 3 месяцы, адзначаюць banki24.by.

Згодна з сакавіцкім прагнозам Мінэканомікі, разлічаны ВУП Беларусі за 2021 год складзе каля 158,5 млрд BYN. Гэта значыць, што ўжо цяпер аб’ём даўгоў флагманскіх прадпрыемстваў перавышае чаканы памер эканомікі.

У папярэднія перыяды рост доўгу быў звязаны з дэвальвацыяй беларускага рубля, бо даўгі часткова намінаваныя ў валюце. Напрыклад, за 2020 год сумарныя абавязацельствы павялічыліся на 19,3%.

Найбуйнейшую суму запазычанасці назапасілі валаўтваральныя прадпрыемствы Менска — 44,1 млрд BYN на справаздачную дату. Сярод абласцей лідарам па аб’ёме абавязацельстваў стала Гарадзенская — 28,6 млрд BYN. Таксама ў гэтым рэгіёне хутчэй за ўсё раслі даўгі адносна пачатку года — на 12,7% за 9 месяцаў.

У астатніх абласцях сумы доўгу на 1 кастрычніка былі наступнымі: Берасцейская — 10,3 млрд BYN, Віцебская — 14,3 млрд BYN, Гомельская — 23,9 млрд BYN, Менская — 28,1 млрд BYN, Магілёўская — 13,5 млрд BYN. Апошняе месца Берасцейскай вобласці па даўгах можна растлумачыць меншымі маштабамі выдаткаў на мадэрнізацыю ў рэгіёне.

Найбольшыя абавязацельствы да 1 кастрычніка мелі флагманы прамысловасці — 93,1 млрд BYN. З пачатку года яны выраслі на 20,7%. Унутры прамысловасці больш за ўсіх завінаваціліся валаўтваральныя кампаніі апрацоўчых галін — 67 млрд BYN. Даўгі энергетыкі склалі 22 млрд BYN, здабываюць прадпрыемстваў — 3,7 млрд BYN. У сельскай гаспадарцы сумарныя даўгі перавысілі 16,3 млрд BYN і гэта таксама максімум за ўсю гісторыю вымярэнняў. У будаўніцтве запазычанасці дасягнулі 8 млрд BYN, у аптовым гандлі — 7,6 млрд BYN, у раздробным гандлі — 10,5 млрд BYN (рэкорд), на транспарце — 7,2 млрд BYN, у сектары інфармацыі і сувязі — 3,3 млрд BYN, у фінансах і страхаванні — 3,9 млрд BYN.

Сумарныя даўгі прадпрыемстваў складаюцца з крэдыторскай запазычанасці і запазычанасці па крэдытах і пазыках. На 1 кастрычніка крэдыторка флагманаў Беларусі дасягнула 67,9 млрд BYN. Значэнне доўгу апынулася максімальным за гісторыю замераў. З пачатку 2021 года крэдыторка вырасла на 10,4%. Даўгі па крэдытах і пазыках склалі 94,9 млрд BYN. У адрозненне ад крэдыторкі, яны не выраслі ў 2021 годзе (мінус 2,1% за 9 месяцаў).