Чаму Меркель затэлефанавала Лукашэнку? Тлумачыць кіраўнік штаба Ціханоўскай
У нашым эфіры пабываў Валерый Кавалеўскі, кіраўнік штабу Святланы Ціханоўскай. Радыё Рацыя паразмаўляла з ім пра нядаўнія перамовы Меркель і Лукашэнкі.
РР: Паміж Ангелай Меркель і Лукашэнкам адбыліся дзве гутаркі. Як у штабе Святланы Ціханоўскай ацэньваюць сам факт гэтых размоваў?
– Па-першае Святлана Ціханоўская сустракалася са спадарыняй Меркель ужо год таму. Таму гэтым разам, калі яна была ў Берліне, яна сустракалася з будучым канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам, і з прэзідэнтам Нямеччыны Штанмаерам, як і з кіраўнікамі ўсіх асноўных палітычных сілаў. Мы разумеем, чаму еўрапейскія палітыкі пайшлі на такі крок. Гэта адказныя палітыкі, якія дбаюць пра бяспеку людзей, і фізічную бяспеку на мяжы Еўрапейскага Звязу і Беларусі. Тое, што там адбывалася, пагражала жыццю і здароўю мігрантаў, якія сабраліся з боку Беларусі. Бачылі, што там ўсё больш актыўна сталі выкарыстоўвацца правакацыі з боку беларускіх сілавікоў, вайскоўцаў і памежнікаў. І безумоўна, што з такой колькасцю ўзброеных людзей на мяжы, была вельмі высокая верагоднасць, што такія правакацыі маглі дайсці да ваеннага канфлікту, якім бы ён не быў абмежаваным. Як адказныя палітыкі Барэль і Меркель вырашылі ўмяшацца і спыніць гэта, сфакусавацца на самім памежным крызісе. Гэта ніякім чынам не зкранае сітуацыю ва ўсёй краіне. Яна безумоўна вымагае іншых падыходаў і іншага дыялогу. І безумоўна, што тут ужо без удзелу дэмакратычных сілаў аніякага дыялогу, аніякіх перамоваў паміж захадам і Лукашэнкам быць проста не можа.
РР: То бок на Вашую думку новая эскалацыя на польска-беларускай мяжы ўжо не адбудзецца? Прэс-сакратар Лукашэнкі, Наталля Эйсмант, дала каментар, і ён гучыць даволі правакацыйна: нібы падчас гэтых размоваў Лукашэнка і Меркель пра нешта дамовіліся, «мы выконваем свае абяцанні – адаслалі ўжо некалькі сотняў мігрантаў дадому, а вось вы не выконваеце». Нібыта была размова пра адкрыццё гумантарнага калідору для часткі з тых, хто зараз там знаходзіцца.
– Безумоўна, што сітуацыя яшчэ да канца не вырашаная, што зробленыя нейкія крокі ў гэтым кірунку. Калі мы кажам пра званкі Барэля і Меркель, то мы кажам пра іх спробу распачаць вырашэнне гэтага памежнага крызісу. Казаць пра тое, што правакацыі выключаныя, і пра тое, што далейшай эскалацыя і гэтай сітуацыі не будзе зараз не можам. Мы ведаем, што Лукашэнка выкарыстоўвае гэтых мігрантаў, і працягвае іх выкарыстоўваць для сваіх палітычных мэтаў. Ён гэта не робіць дзеля людзей, ён гэта робіць дзеля сябе, як і наогул усё, што ён робіць у сваім жыцці. Таму безумоўна, што ён можа скарыстацца адчаянным станам гэтых людзей для таго, каб арганізаваць новыя правакацыі. Таму сапраўды, тут варта заставацца пільнымі, і не дапускаць таго, каб сітуацыя зноў вярнулася на гэтае кола эскалацыі.
РР: Як гэтая сітуацыя выглядае з польскага боку? Пэўна польскія ўлады незадаволеныя гэтымі размовамі, што гэта вырашаецца па-за Польшчай, хаця зараз менавіта яна абараняюць мяжу Еўразвязу.
– Сапраўды, выглядае так, што Нямеччына ў асобе Спадарыні Меркель зрабіла гэты званок без узгаднення не толькі з Польшчай, але і з іншымі сіламі, якія дапамагалі ў канфлікце – я маю наўвазе краіны Еўрапейскага звязу. Гэтае пытанне варта адрасаваць польскім палітыкам, каб яны пракаментавалі, як варта было бы Меркель у гэтай сітуацыі дзейнічаць, і што будзе ў гэтай сувязі рабіць Польскі Ўрад.
РР: Многія эксперты называюць гэтыя перамовы перамогай Лукашэнкі. Ці можна з тым пагадзіцца?
– Я магу пагадзіцца з тым, што ён атрымаў званок, які ён вельмі хацеў. Для яго перамога такая – атрымаць званок. Калі мы гаворым скажам пра Святлану Ціханоўскую, то яна штотыдзень атрымлівае такія званкі, яна сустракаецца з лідарамі, яна прымае ў сябе гасцей з замежных краінаў на вельмі высокім узроўні. Таму для нас вельмі смешна глядзець, як Лукашэнка чапляецца за любы званок, каб умацаваць сябе ў перакананні, што ён сапраўдны лідэр і кіраўнік дзяржавы.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя