Інвалід з Кобрыншчыны дамогся скасавання падатку на зямлю пад гаражамі



Інвалід 2 групы з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна Аляксандр Краўчук праз міністэрства па падатках і зборах дамогся скасавання падатку за зямлю пад гаражамі. Гаражы да інваліднасці служылі яму вытворчымі памяшканнямі па яго прадпрымальніцкай справе. Цяпер справа закрыта, гаражы стаяць зачыненыя і не прадаюцца, а заплаціць падатак за 13 сотак зямлі трэба было больш за 700 рублей, кажа Аляксандр Краўчук:

– Да 2020 года дзейнічаў 101 загад кіраўніка краіны пра ільготы для людзей з інваліднасцю і пенсіянераў. Іх вызвалялі ад падаткаў на зямлю для абслугоўвання гаражоў. У 2020 годзе ў людзей аднялі ільготы. Гэтыя дзеянні пагаршаюць стан людзей з інваліднасцю і людзей, у якіх невялікі прыбытак.

Паводле Аляксандра Краўчука, пасля адмовы ў раёне і вобласці, ён звярнуўся па гарачай лініі да намесніка міністра па падатках і зборах Элы Сяліцкай, затым давёз пісьмовую заяву з пакетам дакументаў, якія пацвярджалі, што з яго даходамі сума непад’ёмная, у адміністрацыю прэзідэнта і ў міністэрства.

Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя