Анатолю Вярцінскаму – 90 гадоў



18 лістапада 90 гадоў адзначае вядомы паэт Анатоль Вярцінскі.

Анатоль Вярцінскі нарадзіўся 18 лістапада 1931 года ў вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў журналістам у розных рэгіянальным і сталічных СМІ. Але найбольш вядомая яго праца ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», рэдактарам якога Анатоль Вярцінскі быў 1986—1990 гадах. Менавіта ў гэты перыяд тыднёвік друкаваў вельмі смелыя матэрыялы, у тым ліку палітычныя і на нацыянальна-адраджэнскія тэмы. Дастаткова згадаць славуты артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва „Курапаты – дарога смерці”.

Вядомы Анатоль Ільіч і як грамадскі і палітычны дзеяч, з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 склікання, таго самага, які быў непасрэдна датычны да абвяшчэнння незалежасці Беларусі. Уваходзіў у склад камісіі, якая распрацоўвала тэкст беларускай Канстытуцыі. Менавіта Анатоль Вярцінскі настаяў на фармулёўцы «поўны суверэнітэт».

Ну і вядома Анатоль Вярцінскі выдатны паэт. Яго творам ўласціва адказная грамадзянская пазіцыя, філасафічнасць, вострая публіцыстычнасць. Ён адметны сваёй творчай манерай, спосабам паэтычнага выказвання думак і адчуванняў. Летась Анатоль Вярцінскі быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй імя Міхася Стральцова.