Агляд прэсы: расейскі сіндром
Беларускі крызіс: хто тузае за нітачкі, Лукашэнка ці Пуцін? Да чаго можа прывесці адтэрміноўка сертыфікацыі «Паўночнага патоку-2»? Расея збіла спадарожнік падчас касмічных ваенных выпрабаванняў.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
–«Некаторыя лічаць, што за штучна створаным міграцыйным крызісам на мяжы з Польшчай стаіць Масква», – піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung. – Але эксперты па знешняй палітыцы і прадстаўнікі службаў бяспекі ў Берліне прыходзяць да іншай высновы. Лукашэнка, на іх думку, не з’яўляецца паслугачом расейцаў. Усё было прыдумана і спланавана ў Беларусі; ніякага расейскага лялькаводу няма».
«Пуцін неаднаразова падкрэсліваў, што Масква не мае ніякага дачынення да ўсёй гэтай гісторыі; ён не хоча, каб Захад ускладаў на яго адказнасць за тое, што адбываецца. Аднак Крамлю падабаецца, калі такім чынам паказваецца, наколькі слабы ЕЗ. У той жа час Лукашэнка робіць захады, якія турбуюць Маскву і нават выклікаюць у яе трывогу. Калі Лукашэнка кажа, што можа перакрыць газ, то гэта сігнал не толькі для ЕЗ, але і для Расеі», – ідзе гаворка ў матэрыяле.
«Тое ж самае тычыцца і магчымай сілавой канфрантацыі на польска-беларускай мяжы. Пуцін не хоча ісці на рызыку буйнога стратэгічнага канфлікту ў ваенным плане – так лічаць у колах органаў бяспекі. Калі Польшча будзе нарошчваць войскі на мяжы, калі адбудуцца сутыкненні паміж беларускімі памежнікамі і польскімі салдатамі, то Масква, магчыма, умяшаецца. Як паказалі анэксія Крыма і вайна на ўсходзе Украіны, Пуцін, безумоўна, гатовы да эскалацыі і ў ваенным сэнсе. Але ён хоча сам прымаць рашэнні аб такой эскалацыі і яе магчымых выдатках, а не пад ціскам Лукашэнкі», – гаворыцца ў артыкуле.
Прыпыненне атрымання ліцэнзіі на эксплуатацыю «Паўночнага патоку-2» нясе палітычны характар, прынамсі так лічаць у партыі «Альтэрнатыва для Германіі». Аднак у Міністэрстве энергетыкі ФРГ адмаўляюць наяўнасць палітычнага складніка ў рашэнні рэгулятара. Тым часам з падземных сховішчаў Еўропы працягваюць адпампоўваць газ для ацяплення хатніх гаспадарак. Па дадзеных Gas Infrastructure Europe (GIE), тэмпы адбору ўжо дасягнулі максімуму. Пры гэтым напоўненасць еўрапейскіх газасховішчаў складае крыху больш за 70%.
«Тры тыдні таму здавалася, што ліцэнзія на эксплуатацыю газаправоду ўжо блізкая, асабліва пасля таго, як Федэральнае міністэрства эканомікі Германіі афіцыйна пацвердзіла, што праект «не ставіць пад пагрозу бяспеку паставак газу ў ФРГ і Еўразвяз». Няўдача зараз тым больш дзіўная», – падкрэслівае Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«Рэгулятар сваім рашэннем, з аднаго боку, стварыў новы бар’ер для спрэчнага газаправоду, а з другога зноў паўплываў на рост коштаў», – піша агенцтва Reuters. – «Паўночны паток-2″ сутыкнуўся з жорсткай апазіцыяй з боку ЗША і некаторых еўрапейскіх дзяржаў: яны настойваюць, што праект зробіць Еўропу занадта залежнай ад расейскага газу. У любым выпадку пачатак паставак па трубе ў першай палове 2022 году цяпер здаецца малаверагодным», – прагназуе Reuters.
«Рашэнне Германіі і рэзкі рост коштаў на газ у Еўропе можа выклікаць веернае адключэнне электраэнергіі гэтай зімой у еўрапейскіх краінах», – паведамляе брытанская газета The Daily Telegraph. На думку выдання, занепакоенасці дадае і той факт, што краіны ЕЗ амаль не захоўваюць запасы газу на наступны перыяд, а халодная зіма можа зацягнуцца. З-за нарастаючага крызісу яшчэ два брытанскія пастаўшчыкі электраэнергіі Neon Reef і Social Energy Supply, якія абслугоўвалі больш за 35 тысяч кліентаў, збанкрутавалі.
Расея прызнала, што падчас выпрабаванняў супрацьспадарожнікавай ракеты збіла на арбіце адзін са сваіх старых спадарожнікаў. Воблака, якое ўтварылася ў выніку з не менш 1500 абломкаў, вымусіла экіпаж Міжнароднай касмічнай станцыі схавацца ў касмічных караблях, задраіўшы люкі. НАСА і Еўрапейскае касмічнае агенцтва крытыкуюць Расею за стварэнне лішняга касмічнага смецця, а прэса – за пасыл, які стаіць за гэтым.
«Космас даўно ўжо ператварыўся ў палігон сучаснага вядзення вайны», – піша нямецкая газета Die Welt.
«Спадарожнікі збіраюць выведвальныя дадзеныя і забяспечваюць ваенную камунікацыю, дыстанцыйнае кіраванне дронамі, навігацыю і лакацыю. Той, хто ў стане вывесці са строю спадарожнікі суперніка, тым самым робіць яго сляпым і практычна нямоглым у ваенным плане. Цяперашні тэст наглядна дэманструе, што Пэрл-Харбар XXI-га стагоддзя папросту можа здарыцца ў космасе. Супрацьспадарожнікавая зброя – высокабрызантная, і яе ўжыванне параўнальна з нанясеннем ядзернага ўдару. Той, хто яго наносіць, тым самым змушае суперніка нанесці зваротны ўдар», – канстатуе нямецкае выданне.
У большасці краін Еўропы гавораць аб чацвёртай хвалі каронавірусу, у Партугаліі – аб пятай, а ў Гішпаніі і зусім аб шостай. Паўсюль гучаць патрабаванні, які раз узмацніць жорсткасць супрацьэпідэмічных мераў.
«У Бельгіі жорсткія меры знаходзяць усё менш разумення», – занепакоена бельгійская газета De Standaard.
«Каманда з адзінаццаці мільёнаў» распалася на малыя складнікі. Жаданне праяўляць салідарнасць і ісці на ахвяры зменшылася ў разы, паколькі ў грамадстве захоўваецца меншасць, якая не жадае прышчапляцца. Чаму ж тыя, хто прышчапіўся, чарговы раз павінны рабіць усё магчымае для таго, каб прыслабіць хвалю, якая па большай частцы выклікана тымі, хто не быў гатовы прышчапіцца? Адсутнасць перспектыў у плане пераадолення пандэміі прывяла да таго, што падтрымка антыкаронных мер у грамадстве растае на вачах», – адзначае бельгійскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя