Пра Пуціна, які выказаўся за дыялог у Беларусі



Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін выказаўся за дыялог паміж уладай і апазіцыяй у Беларусі. “Мы ведаем, што сітуацыя ў Беларусі, хоць і супакоілася ўнутры краіны, але, тым не менш, праблемы ёсць, і мы цудоўна гэта ўсведамляем і, канешне, заклікаем да дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй”, — заявіў Уладзімір Пуцін на пашыранай калегіі МЗС РФ. Гэтая цытата, растыражаваная незалежнымі СМІ, стала асновай для напісання мноства тэкстаў пра тое, ці змянілася стаўленне Крамля да свайго саюзніка. Аптымісты ўбачылі ў гэтым выказванні надзею на тое, што ўлада насамрэч сядзе за стол перамоваў з людзьмі, якіх у апошні год як толькі не называлі прапагандысты. Асобныя публіцысты пайшлі яшчэ далей, анансаваўшы перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Святланы Ціханоўскай, хоць прозвішча беларускага палітыка Пуцін не называў. Ды і сумнеўна, каб узурпатар улады і выхадзец з савецкага КДБ раптам убачыў магчымасць перамоваў з лідарам вуліцы, “чалавекам з ніадкуль” і, самае галоўнае, як ён бачыць, правадніком палітыкі Захаду Святланай Ціханоўскай. Песімісты, зрэшты, ахарактарызавалі рэакцыю Пуціна “тролінгам” заклятага сябра напярэдадні будучага рэферэндуму аб змяненні Канстытуцыі. Маўляў, Масква карыстаецца цяжкай сітуацыяй, у якой апынуўся Аляксандр Лукашэнка, каб выціснуць з яго па максімуме.

Незалежна ад інтэрпрэтацый пуцінскага выказвання, якое стала сюрпрызам для ўлады і апазіцыі, можна зрабіць выснову пра тое, што ўвага Масквы сведчыць пра наяўнасць незадаволенасці некаторымі праявамі беларускага палітычнага крызісу, які прымае з кожным днём прыкметы некіраванага працэсу. Калі адштурхоўвацца ад аксіёмы, што інтарэсы беларускага народу Крэмль не хвалююць апрыёры, то, відавочна, Уладзімір Пуцін, пакепліваючы са свайго калегі, пераследуе свае мэты. Улічваючы нядаўнія выказванні кіраўніка Расеі пра тое, што ён не падтрымлівае пагрозаў аб перакрыцці паставак расейскага газу ў Еўропу, выглядае на тое, што Масква вырашыла паслаць сігнал свету аб адмежаванні ад апошніх дзеянняў Менску, якія выклікаюць напружанне ў ЕЗ. Разам з тым, у тым жа выказванні Пуцін дадаў, што прыярытэтам для яго краіны з’яўляецца курс на будаўніцтва так званай Саюзнай дзяржавы. То бок, Захаду даюць зразумець, што Масква не прэтэндуе на лаўры арганізатара штурму польскай мяжы, але выразна акрэслівае зону сваіх геапалітычных інтарэсаў, у якую ўваходзіць Беларусь.

Што яшчэ можа азначаць выказванне Уладзіміра Пуціна пра неабходнасць дыялогу ўнутры беларускага грамадства? Цалкам магчыма, што мы пачулі фактычна прызнанне расейскага правадыра адносна таго, што ён мае абмежаваны ўплыў на беларускую палітыку. А гэта значыць, што не заўжды за дзеяннямі ўлады Беларусі трэба бачыць ніткі, якія вядуць да крамлёўскіх лялькаводаў. У такім разе трэба ўсвядоміць, што рэжым Беларусі праводзіць самастойную лінію, хай і ў фарватары палітыкі Крамля. Гэта азначае, што апазіцыйным стратэгам, скіраваным на перамогу, а не на змаганне дзеля змагання, варта ўсведамляць, што іх асноўны апанент сядзіць усё-такі не на расейскім троне, а ў крэсле кіраўніка Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ