Янішчыцкі лістапад. Да дня нараджэння “палескай ластаўкі”



Так ласкава Яўгенію Янішчыц называў Ніл Гілевіч. Ён уяўляў, як ластаўкі імгненна і высока ўзлятаюць над Ясельдай, якая з маленства прыцягвала Жэню, так і паэтэса з’явілася на літаратурным небасхіле. На жаль, жыццё ластавак не доўгае. Як нечакана заззяла зорка Янішчыц, так нечакана і трагічна згасла, але ейнае святло, цеплыня назаўжды засталіся ў вершах, напісаных сэрцам.

На фота: копія надмагільнага помніка, скульптура знаходзіцца ў музеі паэтэсы ў вёсцы Парэчча, фота аўтара.

Самародак з глыбінкі Палесся, на думку вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства Святланы Калядкі, Янішчыц стала адной з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры XX стагоддзя. Як доказ такой ацэнкі яе творчай дзейнасці словы Васіля Быкава: “Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтак Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая…”.

Літаратурная спадчына Яўгеніі Янішчыц яшчэ па-сапраўднаму не адкрытая ды і кожнае пакаленне ўспрымае творы на сваё бачанне, пачуццё. Узгадваючы канец 1990-х і ўсе 2000-я гады, нам, тагачасным школьнікам і студэнтам, вершы “палескай ластаўкі” здаваліся нечым сумным. Нібы іх аўтар вельмі самотны, увесь час знаходзіцца ва ўнутраных пакутах. Цяпер моладзь знаходзіць штосьці іншае, складаюць музыку на яе творы і атрымоўваюцца неблагія песні.

На фота: Яўгенія Янішчыц, Таіса Бондар, Ніл Гілевіч, Пімен Панчанка, 1983 год, здымак захоўваецца ў Парэцкім музеі.

 “Ёсць у культурна-мастацкай прасторы свету такія імёны, такія постаці, што як магніт прыцягваюць да сябе. А створаны імі ўнікальны свет мастацкіх малюнкаў, вобразаў, мелодый вабіць і зачароўвае, не адпускае, становіцца часткай цябе самога. Менавіта такой праз час, праз гады бачыцца Яўгенія Янішчыц”, – такое меркаванне мае кандыдат філалагічных навук Тамара Нуждзіна.

Янішчыц ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Вершы перакладзеныя на 16 моваў. Пры жыцці свет пабачыла сем зборнікаў лірыкі, пасля смерці было некалькі перавыданняў. Грунтоўным даследаваннем з’яўляецца чатырохтомнік “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”. Яго з’яўленне стала магчымым, дзякуючы працы цэлай каманды – сваякі, сябры і калегі творцы. Непасрэдным укладаннем займаліся навукоўца Святлана Калядка і пісьменніца Тамара Аўсяннікава. Выданне змяшчае поўную біяграфію паэтэсы, яе радавод, здымкі, ўспаміны сяброў і калег, раней неапублікаваныя вершы.

На фота: чарга па аўтограф да ўлюблёнай паэтэсы, здымак з фондаў музея ў Парэччы.

Штогод у другой палове лістапада на Піншчыне ладзяцца мерапрыемствы па папулярызацыі творчасці знакамітай зямлячкі пад агульнай назвай “Янішчыцкі лістапад”. Сёлета, з-за пандэміі, амаль усе ўрачыстасці маюць скарочаны фармат і перанесеныя ў віртуальную прастору. Папулярызацыя спадчыны Янішчыц на малой радзіме пачалася з канца 1990-х гадоў.

21 лістапада 1998 года ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна адбылася цырымонія адкрыцця музея паэтэсы. Сама Янішчыц паходзіць з вёскі Рудка, дзе захавалася бацькоўская хата, на якой ёсць мемарыяльная шыльда, а ў суседняй вёсцы Парэчча дагэтуль працуе школа. У яе будынку месціцца Народный музей творцы. Ідэя стварэння належыць настаўніку Фёдару Цудзіле, але неверагоднай цяжкасці працу па ажыццяўленню ініцыятывы зрабіла Антаніна Сідарук, якая была дырэктарам установы да верасня 2020 года. Усяго адзін пакой, але інфармацыі, матэрыялаў там багата: налічваецца 1195 экспанатаў. Сярод іх асабістыя рэчы Янішчыц – адзенне, дакументы, ўзнагароды, сшыткі, ўнікальныя фотаздымкі…

У 1999 годзе Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы надалі імя Я.І. Янішчыц.

На фота: разам з аднакурснікам Алесем Разанавым, 1987 год, здымак захоўваецца ў Парэцкім музеі.

Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц (20 лістапада 1948, Рудка, Пінскі раён – 25 лістапада 1988, Менск) – паэтэса. У 1971 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ. Працавала літкансультантам у “Сельскай газеце” ды загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”. У 1981 годзе ўдзельнічала ў працы XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1980-я гады – член праўлення і прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі ды дэпутат райсавета Савецкага раёна Менска. Аўтарка дзясятка паэтычных зборнікаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя.