У Вярхоўнай Радзе Украіны абмяркуюць забарону на імпарт тавараў з Беларусі
Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны абмяркуюць забарону на імпарт тавараў з Беларусі на заканадаўчым узроўні. Праект закона аб эмбарга зарэгістраваны 19 лістапада. Законапраект распрацаваў народны дэпутат Украіны Аляксандр Дануца з палітычнай партыі „Слуга народа”. Трэба разумець, што рэгістрацыя праекта закону азначае, што дэпутаты абмяркуюць яго, але не азначае, што ён пасля гэтага будзе прыняты.
Украіна застаецца найбуйнейшым рынкам збыту беларускіх нафтапрадуктаў. У мінулым годзе туды пайшло 45,2% нафтапрадуктаў у вартасным выражэнні, або 37,5% фізічнага экспарту. Украіна прынесла Беларусі 86% выручкі ад рэалізацыі бітуму і 88% ад продажаў нафтавых газаў. Між тым у Беларусі ў пачатку снежня заканчваецца дзеянне ліцэнзавання на імпарт з Украіны. Праз яго некаторыя ўкраінскія тавары ўжо пачалі знікаць з палічак крамаў. У адказ на блакіроўку беларускіх тавараў ва Украіне беларускія чыноўнікі могуць падоўжыць свае абмежаванні.