Берасцейскі абласны суд: прысуд першай інстанцыі застаўся ў сіле
Па-ранейшаму без зменаў пакідае рашэнне суда першай інстанцыі абласны суд на Берасцейшчыне па крымінальных палітычна матываваных справах. Апошні прыклад – па справе „берасцейскіх карагодаў” і „злосным хуліганстве”.
У Берасцейскім абласным судзе была разгледжана апеляцыя на прысуд 6-й групы фігурантаў „карагоднай справы”. Абмежаванне волі было прысуджана 14-ці жыхарам Берасцейшчыны – Кацярыне Бравач, Арцёму Ласкаму, Глебу Ніканановічу, Віктару Атрошку, Таццяне Рагачэўскай, Юрыю Сацюку, Ігару Семыкіну, Арцёму Тарасюку, Ілле Ягораву, Аляксандру Жуку, Сяргею Канановічу і Канстанціну Свідуновічу. Прысуд першай інстанцыі застаўся ў сіле.
А апеляцыю па справе па „злосным хуліганстве” падавалі Ігар Вінакураў, Данііл Дзіткоўскі і Ілля Ягораў. Суд таксама не змяніў пакаранне ў выглядзе „хіміі”.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя