Аляксей Сігаеў: Кожная сітуацыя мусіць вырашацца асобна



Рэзка павысіліся кошты на ацяпленне для непрацуючых грамадзянаў. Апошнія жыроўкі для іх даражэйшыя за папярэднія ў 5 разоў.  Адступіўшы ад так званага дармаедскага дэкрэту пасля пратэстаў у 2018 годзе, улады ўсё ж іншым шляхам вырашылі залезці ў кішэні да людзей.

Пра гэта ў размове з Радыё Рацыя разважае першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў:

– Давайце пачнем з таго, што колькасць дармаедаў у 2018 годзе, па падліках адміністрацыі, была значна большая, чым сёлета. Адпаведна тады яны збіраліся прымаць зусім іншыя законы, то бок не толькі падвышэнне тарыфаў. Што тычыцца тарыфнай сеткі, то тут цалкам варта падыходзіць з нейкімі новымі ідэямі, то бок сістэму жыллёва камунальнай гаспадаркі варта цалкам рэфармаваць. Няправільна, што хтосьці плаціць больш, а хтосьці менш, пры гэтым не ўлічваецца прыбытак на адну сям’ю ці колькасць гэтых метраў квадратных. Таму, канешне, гэта ганебна тое, што яны зараз зрабілі. Але трэба комплексна падыходзіць і рэфармаваць сістэму.

РР: І трэба ж улічваць, што зараз шмат ідзе скарачэнняў на прадпрыемствах, у тым ліку і па палітычных матывах. Сотні і тысячы людзей пазбаўляюцца працы. І што яны хутка апынуцца таксама ў гэтых спісах, і ім як беспрацоўным таксама трэба будзе плаціць у 5 разоў больш, чым нейкаму бюракрату з райвыканкама, які быццам бы працуе?

Аляксей Сігаеў: Падобна на тое, але тут, як кажуць, не варта змешваць палітыку і эканоміку, таму што так ці інакш сістэма ЖКГ да гэтага перыяду датацыйная. І яна вельмі непразрыстая. Таму толькі праз рэформы можна цалкам перайсці на празрыстасць працы сістэмы ЖКГ.

РР: А што можаце параіць тым людзям, якія атрымалі такія жыроўкі і ў іх не хапае грошай, не плаціць?

Аляксей Сігаеў: Не буду ніякіх парадаў раздаваць, таму што не мая кампетэнцыя, але я думаю, што кожная праблема ў дадзеным выпадку мусіць разглядацца асобна і, між іншым, можна звяртацца ў тыя ж самыя камісіі па працаўладкаванні пры адміністрацыях. Але я не думаю, што людзі зараз знойдуць працу з высокімі заробкамі. Таму тут парад раздаваць нельга, але кожная сітуацыя мусіць вырашацца асобна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя