Нелегальны «турызм»



Украіна ўзмацніла абарону дзяржаўнай мяжы з Беларуссю. Пяць абласцей – Валынская, Ровенская, Жытомірская, Кіеўская і Чарнігаўская – аддзяляюць яе ад беларускіх Берасцейкай і Гомельскай абласцей. Каля 750 кіламетраў па сушы і каля 325 – па рэках. І яшчэ каля ста – праз зону адчужэння недалёка ад Чарнобыльскай атамнай станцыі. А непасрэдна на Валыні знаходзіцца так званае «скрыжаванне трох межаў», дзе нават мабільны тэлефон увесь час ловіць сігнал то беларускіх аператараў, то польскіх.

Валынь багатая густымі лясамі і балотамі, і гэта, ў сваю чаргу, стварае дадатковы рэсурс для мігрантаў. Яшчэ да „мігранцкага крызісу” мясцовыя жыхары перыядычна паведамлялі памежнікам аб з’яўленні падазроных людзей у пасёлках. Зараз жа валыняне сур’ёзна асцерагаюцца правакацый з ужываннем кактэйлю Молатава. 

Але, як ні дзіўна, мігранты распачалі спробу перасячы мяжу не паблізу Польшчы, а з боку паўночнай мяжы Ўкраіны – на Чарнігаўшчыне. Ехалі рэйсавым аўтобусам з Менска. Падчас праходжання кантролю яны пераконвалі памежнікаў, што хочуць трапіць ва Ўкраіну з турыстычнай мэтай. 15 „турыстаў” з краін Блізкага Ўсходу, прыляцеўшы ў Менск, адразу паехалі ў Гародню аглядаць мясціны. Пад непазбыўным культурным уражаннем яны вырашылі абавязкова наведаць Украіну. Прычым іх цікавілі выключна краявіды і гістарычныя памяткі Львова. Адтуль яны мелі намер вярнуцца дадому. Аднак такі турыстычны маршрут аказаўся зусім непераканаўчым для ўкраінскіх памежнікаў, якія дадаткова прыцягнулі для праверкі законнасці ўезду «турыстаў» паліцыянтаў і супрацоўнікаў Службы бяспекі Ўкраіны. Праваахоўнікі прынялі рашэнне аб іх звароце ў Беларусь. Для ўкраінскай улады сам па сабе „мігранцкі крызіс” не вельмі небяспечны, таму што непажаданых гасцей заўсёды можна затрымаць і вярнуць у краіну, адкуль яны прыехалі.

Небяспека зводзіцца да наступнага: сёння нелегальнае, таемнае перасячэнне мяжы – магчымасць для мігрантаў, а заўтра гэтым могуць скарыстацца розныя дыверсійныя групы, якія пранікаюць ва Украіну па загадзе паўночнага суседа з тэрыторыі Беларусі для дэстабілізацыі сітуацыі. Атрымліваецца так, што ў дадзены момант у прымежных рэгіёнах сілавікі пераведзены ва ўзмоцнены рэжым нясення службы, але рэальна дзяржаўная мяжа Украіны не ўмацавана ніводным з інжынерных збудаванняў. Хто б мог сабе ўявіць сітуацыю, што Беларусь стане пагрозай для Украіны?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ