Агляд прэсы: усё толькі пачынаецца



У Беларусі да бежанцаў прымяняліся катаванні. Знікненне Пэн Шуай: што адбываецца? Ці пагражае новае ўварванне Расеі ва Украіну? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Абвінавачванні дыктатара Аляксандра Лукашэнкі ў катаваннях гучаць усё гучней», – піша нямецкі таблоід Bild . – За апошнія тыдні тысячы мігрантаў, уключаючы іракцаў, афганцаў і сірыйцаў, беглі з Беларусі праз мяжу ў Польшчу. Падазрона, што многія з іх пасля ўцёкаў прыйшлі ў лякарні, некаторыя сур’ёзна параненыя».

Суразмоўцы ў інтэрв’ю Bild расказваюць жудасныя гісторыі: «Відаць, многія мігранты у Беларусі падвяргаліся катаванням, польскія лякарні запоўнены параненымі. Два бежанцы распавялі аб зверствах, на якія яны ніколі не забудуцца. Пры першай спробе прайсці мяжу польскія памежнікі адправілі іх зваротна. Беларускія салдаты перахапілі і збілі. Ім сказалі: «Калі не зможаце перайсці з другой спробы, мы вас заб’ем». 20-гадовы Аленд А. з Сулейманіі ў Іраку таксама распавёў аб катаваннях. Ён ужо паспеў перасекчы мяжу, як у нейкі момант польскія паліцыянты высачылі яго і вярнулі ў Беларусь. «Калі мяне адправілі назад у Беларусь, салдаты Лукашэнкі знайшлі ў мяне польскія грошы. Яны прымусілі мяне праглынуць купюры. Яшчэ яны білі мяне па галаве і разбілі мой тэлефон. Яны нажніцамі зрэзалі з мяне адзенне», – піша Bild.

У НАТО расце занепакоенасць з нагоды магчымага расейскага ўварвання ва Украіну. Прычынай таму стала масавая перакідка расейскіх войскаў да ўсходніх межаў Украіны. На мінулым тыдні генеральны сакратар НАТО Енс Столтэнберг парэкамендаваў Маскве «адмовіцца ад далейшых правакацый і агрэсіўных дзеянняў». Ці варта чакаць паўтарэння сцэнару 2014 году?

«Супраціў расейскай агрэсіі будзе нарастаць, у тым ліку і ў Данбасе», – піша ўкраінскае выданне lb.ua.

«Рэакцыя краін Захаду на дзеянні Крамля і рэжыму Лукашэнкі паказала, што цывілізаваны свет гатовы бараніць нашую дзяржаву ад агрэсіі РФ. Нам заўважны і сігнал, які паступіў з Белага дому: прэзідэнт Байдэн збіраецца правесці да канца году відэаканферэнцыю з Пуціным, падчас якой ён узніме пытанне бяспекі Украіны. У той жа самы час у Кіеве разумеюць, што Беларусь у даляглядзе стане новым плацдармам для агрэсіі войскаў РФ. Гэтая тэрыторыя мілітарызуецца. Выклікі ўзмацняюцца, аднак , і гэта ўжо прыкметна, Украіна і Захад гатовыя рэагаваць на гэтую новую старую пагрозу», – піша ўкраінскае выданне.

Пасля таго, як зорка тэніса Пэн Шуай абвінаваціла былога віцэ-прэм’ера ўраду Кітая Чжана Гаалі ў згвалтаванні, знакамітая спартсменка адразу знікла. Усё большая колькасць спартсменаў і палітыкаў публічна выказвае сваю занепакоенасць. У адказ кітайскія дзяржаўныя СМІ апублікавалі відэакадры, на якіх нібыта можна пабачыць Пэн, якая прысутнічае на дзіцячым турніры, а таксама падчас наведвання рэстарацыі. Аднак Жаночая тэнісная асацыяцыя падобнымі тлумачэннямі не задаволілася.
«Пэн можа стаць для Сі яшчэ больш небяспечнай», – лічыць італьянская газета La Stampa.

«Адсутнасць Пэн на спартовай арэне падняла палітычную хвалю. Чым менш яе відаць, тым хваля больш прыкметна. Чым больш Пекін імкнецца замоўчваць знікненне тэнісісткі, тым больш аглушальным становіцца гэтае маўчанне. Сі Цзіньпін мае намер заставацца ва ўладзе да канца сваіх дзён, падобна Мао Цзэдуну і Дэну Сяапіну. Але нават здзяйсняючы круг пашаны, можна паслізнуцца на бананавай лупіне. Пэн Шуай, першая ракетка свету ў парным рэйтынгу, ператвараецца ў рэальную небяспеку для практычна ўсемагутнага кітайскага прэзідэнта. Бесперапынная хваля руху MeToo накрыла ўжо шматлікіх уплывовых персонаў. Можа, і не ў Кітаі, але Пэн Шуай уваходзіць у лігу міжнародных зорак, якая непадуладная ніякім урадам. І тым больш – калідорам Забароненага гораду», – падкрэслівае італьянскае выданне.

У шматлікіх еўрапейскіх гарадах на гэтых выходных адбыліся акцыі пратэсту супраць узмацнення жорсткасці супрацьэпідэмічных мер. У шэрагу выпадкаў, напрыклад, у Ратэрдаме, Вене і Заграбе, справа дайшла да сутычак з паліцыяй. У Брусэлі сілам правапарадку прыйшлося прымяніць вадамёты і слёзатачывы газ, пасля таго як спачатку мірная дэманстрацыя з каля 35 тысячамі ўдзельнікаў перарасла ў сутыкненні з паліцыяй. Еўрапейская прэса баіцца расколу ў грамадстве і прыводзіць станоўчыя прыклады.

«Пратэстуючыя не прапануюць рэальнай альтэрнатывы», – з абурэннем піша харвацкая газета Novi list.

«Грамадзяне і ўрады не маюць права сядзець, склаўшы рукі, і пускаць усё на самацёк, як таго патрабуюць супернікі вакцынацыі, увядзення сертыфікатаў аб вакцынацыі і ўзмацнення жорсткасці абмежаванняў. Фаталізм гэтых людзей, які прымае абсалютна непрымальны характар, не прапануе ніякага рашэння ў сітуацыі, калі расце колькасць смяротных зыходаў, лякарням пагражае калапс, а эканоміцы – далейшыя страты, абумоўленыя пандэміяй. Фаталісты не жадаюць браць на сябе адказнасць за ўласныя словы, за здароўе сваіх суграмадзян, ды і за сваё ўласнае здароўе. Яны заклапочаныя толькі ўласнай свабодай», – адзначае харвацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка