Пра тое, што ёсць куды падаць



Ёсць краіны на гэтым свеце, чый прыклад можа натхняць уладу Беларусі. Усё ж такі ёсць куды расці. А дакладней, падаць. Напрыклад, Туркменістан. Праўда, нават там ужо другі прэзідэнт. Гурбангулы Бердымухамедаў з’яўляецца кіраўніком краіны з 2007 года. Туркменістан — гэта тая краіна, дзе год таму забаранілі слова каронавірус, калі ўвесь свет быў ахоплены пандэміяй. Сапраўды, навошта каранцінныя меры. Няма слова – няма і вірусу. Якая вакцына! Якія лакдаўны! Якія маскі і дыстанцыі! У Туркменістане яшчэ год таму вынайшлі “лекі” ад кароны: забарона на выкарыстанне слова “каронавірус”.

А яшчэ ў Туркменістане грамадзяне, якія маюць сваякоў за мяжой, могуць пазбавіцца прадуктовых пайкоў. У Туркменістане так добра жывуць людзі, што яны могуць сабе дазволіць толькі прадукты па фіксаванай і субсідыяванай цане. Для таго, каб набыць прадукты ў дзяржаўных крамах, даводзіцца стаяць у чэргах па некалькі гадзін. На рынках прадукты таксама ёсць, але вельмі дарагія. Дазволіць іх сабе насельніцтва не можа. І вось цяпер, калі маеш сваякоў за мяжой, то цябе могуць пазбавіць права на харчовы паёк. Сапраўды, навошта есці тым, у каго сваякі за мяжой. Яны, відаць, мусяць харчавацца ідэяй, што іх сваякі знаходзяцца не ў Туркменістане. Таксама без даступных харчоў могуць аказацца і сем’і, чые родныя знаходзяцца ў месцах зняволення. А яшчэ, каб атрымаць субсідыяваныя прадукты, трэба будзе аплаціць камунальныя плацяжы і прадаставіць дакументы аб трох пакаленнях продкаў. Карацей, такое адчуванне, што без субсідыяваных прадуктаў у Туркменістане застануцца многія. Затое ўладам Беларусі ёсць з каго браць прыклад.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ