Беларускі рэгі-гурт “Botanic Project” пераехаў ва Украіну
Беларускі рэгі-гурт “Botanic Project” пераехаў ва Украіну і нават паспеў ужо зладзіць там анлайн-канцэрт у гонар свайго 15-годдзя.
Дарэчы, прайшла імпрэза ў Дзень нараджэння вакаліста Кешы, музыку споўнілася 35 год.
“Фармат канцэрта – анлайн – быў абраны невыпадкова”, – зазначаюць удзельнікі “Botanic Project” Кеша і Клім.
– Час дыктуе свае фарматы, і зараз складана, тым больш нам, якія нядаўна прыбылі, рабіць вялікія і глабальныя імпрэзы, вечарыны. Таму мы пачынаем з таго, што пачалі ўжо рабіць у Беларусі, анлайн-канцэрты. Паспрабуем зрабіць акустычны стрым.
– Пасля стрыму мы граем на рэгі-даб вечарыне, электронна там некалькі песень. Людзі, якія арганізуюць гэтае мерапрыемства, хочуць зрабіць нам канцэрт бліжэй да Новага года. Ужо паўнавартасны канцэрт “Botanic Project”, адпаведна пакуль у акустыцы.
А яшчэ ў планах калектыву – выпуск сайд-праекту, поўнафарматнага альбому, а таксама збору вершаў пад акампанемент. Таму сумаваць хлопцам ва Украіне дакладна не давядзецца.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: colors.by