Пра асаблівасці казахстанскай мадэлі транзіту ўлады



Транзіт улады ў Казахстане канчаткова завяршыўся. Экс-прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў, які з 2019 года паступова адмаўляецца ад паўнамоцтваў, пайшоў на чарговы крок. Ён саступіў месца старшыні праўладнай партыі “Нур Отан” дзейнаму кіраўніку дзяржавы Касым-Жомарту Такаеву. Такім чынам, ветэран казахскай палітыкі сышоў у адпачынак, забяспечыўшы пераемнасць курсу і гарантаваўшы сабе і блізкім недатыкальнасць.

Нурсултан Назарбаеў – рэкардсмен па палітычным доўгажыхарстве на постсавецкай прасторы сярод кіраўнікоў дзяржаваў. Ён кіраваў Казахстанам амаль 30 гадоў. За гэты час Нурсултан Абішавіч запомніўся тым, што стаяў ля вытокаў незалежнага Казахстана, пераносіў сталіцу з Алма-Аты ў Астану, перавёў казахскую мову на лацінічны алфавіт. Словам, зрабіў дастаткова, каб атрымаць пажыццёвы статус “елбасы”, то бок нацыянальнага лідара, а не тое што некаторыя маглі б падумаць. За перыяд ягонага кіравання здараліся тыповыя для постсавецкага аўтарытарнага кіраўніка рэчы: пераследы апанентаў рэжыму і журналістаў, разгоны дэманстрацый і рэферэндумы па ўмацаванні сістэмы. Прывядзем адну характэрную цытату Назарбаева ўзору 2000 года. Тады вырашалася пытанне адносна заканчэння ягоных паўнамоцтваў, згодна з Канстытуцыяй Казахстану. “У Канстытуцыі ўсё сказана абсалютна ясна. Мае паўнамоцтвы – да снежня 2000 года… Ніякай манархіі ніколі ў Казахстане не будзе. Ніякія мае дочкі маімі дарадцамі ніколі не будуць. І ніякай спадчыннасці ў Казахстане не будзе”, — гаварыў Назарбаеў 20 гадоў таму. Што праўда, гэтыя выказванні не перашкодзілі яму перапісаць Канстытуцыю пад сябе, каб працягваць кіраваць.

Зрэшты, прэзідэнт Касым-Жомарт Такаеў таксама не чужы Назарбаеву чалавек. Ён з савецкіх часоў не адыходзіў ад свайго шэфа, займаючы ў розныя гады пасады міністра замежных справаў, быў прэм’ерам і прадстаўніком Казахстана ў ААН. Пацверджаннем лаяльнасці новага кіраўніка да экс-прэзідэнта стала ягоная ініцыятыва па перайменаванні сталіцы Астаны ў Нурсултан, што аператыўна падтрымалі дэпутаты казахскага парламента. Такім чынам, улада, нягледзячы на ракіроўку, засталася ў руках прадстаўнікоў аднаго клана. Дарэчы, Касым-Жомарт Такаеў паходзіць з таго самага старэйшага жузу (група казахскіх плямёнаў), што і “елбасы”. Гэта, відаць, таксама з’яўляецца дадатковай гарантыяй бяспекі былому кіраўніку.

Адмова ад абсалютнай улады постсавецкага аўтакрата праходзіла ў некалькі этапаў. У 2019 годзе Нурсултан Назарбаеў нечакана для сваіх прыхільнікаў заявіў, што сыходзіць у адстаўку. Ён не стаў надта арыгінальнічаць, сышоў, нібыта Барыс Ельцын, прызначыўшы пераемнікам чалавека са свайго асяроддзя. Пазней прайшлі так званыя выбары, на якіх прагназавана перамог пратэжэ Назарбаева. Але на першым этапе ягоная роля была дастаткова аперэтачнай, паколькі ўся паўната ўлады заставалася ў руках экс-прэзідэнта, які кіраваў сілавікамі ў Радзе бяспекі і ачольваў АНК (Асамблея народаў Казахстана) — гэта такі аналаг Усебеларускага народнага сходу. Таксама ён заставаўся нязменным лідарам кіруючай партыі “Нур Отан”. Так што, у выпадку непаслушэнства пераемніка ён мог хутка сітуацыю павярнуць у патрэбнае рэчышча. Але Такаеў сябе паказаў паслухмяным вучнем. Таму паступова стаў паўнавартасным кіраўніком Казахстану.

Такім чынам, Казахстан прадэманстраваў постсавецкім аўтакратам мадэль транзіту ўлады ў краіне, дзе выбары не працуюць. І падаецца, менавіта гэтая мадэль, са спасылкамі на лакальныя адметнасці, выглядае найбольш прываблівай у вачах беларускага калегі Назарбаева.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ