Пра крамольнае слова “жыве”



Савецкі сатырык і драматург Рыгор Горын і не падазраваў, калі ў далёкім 1970 годзе напісаў п’есу “Тыль”, што стане для беларускіх уладаў вялікім апазіцыянерам. Настолькі вялікім, што праз дэманстрацыю ягонай п’есы звольняць ажно дырэктара тэатра. Рыгора Горына даўно няма ў жывых. Сатырык і драматург памёр у 2000 годзе, з’яўляецца пасмяротна лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі. І тут: такі паварот лёсу пасля смерці. П’еса “Тыль”, паводле матываў фламандскага фальклору і рамана Шарля дэ Кастэра, перажыла савецкую цэнзуру і з’явілася на сцэне ў 1974 годзе ў тэатры “Ленком”. На той момант толькі што прызначаны галоўным рэжысёрам тэатра Марк Захараў не ўбачыў нічога крамольнага ў п’есе. Наадварот, ён адзначаў, што Горын змяніў гісторыю “Ленкома”, стварыўшы свайго Тыля.

Не ведаю, ці чыталі віцебскія чыноўнікі Рыгора Горына, ці чулі яны пра народнага артыста Марка Захарава, ці ведаюць яны, хто такі Шарль дэ Кастэр і Тыль Уленшпігель, аднак п’есу знялі з паказаў. Прынамсі, у афішы тэатра на снежань спектакля “Тыль” няма. Больш за тое, як паведамляюць СМІ, дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску могуць звольніць. А ўсё праз тое, што ў спектаклі прагучаў выраз “Жыве Фландрыя”. Калі вы шукаеце нейкую крамолу, то звярніце ўвагу на арыгінал п’есы Рыгора Горына. Там сапраўды гучыць так:

“Так что, черт побери, знай живи, пей да жри, И да здравствует Фландрия!”

Проста рэпертуар тэатра ў Віцебску, дзякуй богу, на беларускай мове. А як яшчэ можна перакласці фразеалагізм “да здравствует!”. Можа быць, віцебскія чыноўнікі лепей абазнаныя. А ўвогуле, чаго спыняцца на дасягнутым: трэба ўвогуле забараніць слова “жыве”. А пачаць з забароны студэнцкага гімна, які спявалі ўжо ў 13 стагоддзі, Gaudeamus igitur. Там жа цэлы слупок ёсць “Vivat academia! Vivant professores!”, што перакладаецца з латыні як “Хай жыве Акадэмія! Хай жывуць выкладчыкі!”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ