Ірэна Бярнацкая: Наш абавязак змагацца за Анжаліку і Анджэя



Наша сённяшняя “Госця Рацыі” ведае жыццё за кратамі з уласнага досведу. Ірэна Бярнацкая, сябра Саюза палякаў у Беларусі, была арыштаваная ў сакавіку бягучага года, а праз два месяцы прымусова вывезена на мяжу з Польшчай. Цяпер жыве ў Беластоку і робіць усё магчымае, каб лідары Саюза палякаў выйшлі на волю.

РР: Спадарыня Ірэна, пачну з такога пытання. Мы маем мала інфармацыі пра Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута. Што Вам вядома пра іх на гэты момант?

Ірэна Бярнацкая: Я таксама не ведаю. Цяжка з паведамленнямі ад іх. Адзінае, пабыўшы там, скажу, што добрага нічога не будзе. Там будуць і праблемы са здароўем, і праблемы псіхалагічныя. Бо вытрымаць столькі часу там вельмі цяжка.

РР: Ці прыходзяць ад іх лісты, і што яны пішуць?

Ірэна Бярнацкая: Звярнула ўвагу, што пішуць мала. Зразумела, што не ўсе лісты даходзяць. Але людзі вельмі шмат ім пішуць. У адказ прыходзяць кароткія лісты. А кароткія, бо яны могуць страціць зрок, могуць папросту псіхалагічна не хацець пісаць. І я па тых лістах бачу, што там можа быць стан здароўя не вельмі добры, ваганне настрою, псіхалагічна падарваныя людзі. І тут залежыць шмат ад нас. Каб мы былі салідарныя, каб мы выходзілі, каб ім перадавалі, што за іх змагаюцца, што гэта не канец. Гэта цяпер наш абавязак.

РР: На жаль, інфармацыя, што тэрмін зняволення працягнулі, сведчыць пра тое, што і суд яшчэ няхутка будзе. І ўмовы ўтрымання ў ізалятары працягнуцца ў такі суровы зімовы перыяд.

Ірэна Бярнацкая: Так, гэта сведчыць пра тое, што яны яшчэ будуць сядзець, а судоў пакуль не будзе, бо баяцца. Яны закладнікі.  

РР: Сітуацыя ў Беларусі вельмі цяжкая. Да настаўнікаў польскай мовы прыходзілі, праводзілі вобшукі. Як зараз сітуацыя выглядае?

Ірэна Бярнацкая: Я думаю, сітуацыя яшчэ пагоршылася. Там людзям яшчэ цяжэй, чым нам тут. І можна сказаць, што мы мусім дзякаваць Богу, што мы тут. А там чалавек кожны дзень кладзецца спаць і раніцай баіцца ўставаць, бо заўтра яму пастукаюць у дзверы. Чула, што ходзяць па хатах, нават выдумваюць артыкулы, каб людзей пасадзіць.

РР: Мы зараз маем пагаршэнне польска-беларускіх адносін у сувязі з міграцыйным крызісам. Як Вы асабіста і як сябра Саюза палякаў бачыце гэтую сітуацыю?

Ірэна Бярнацкая: Вельмі цяжка разабрацца. Я не палітык, але мне вельмі шкада тых людзей, якія апынуліся ў закладніках. Мы таксама ў закладніках. Я проста не магу зразумець, як адзін чалавек, праз якога ўсё гэта адбываецца, так мучыць людзей? І ніхто яму не можа даць рады. Адзін чалавек перавярнуў цэлы свет, перавярнуў чалавечыя жыцці. Я слухала размову двух хлопчыкаў. У іх падобныя гісторыі. Я так плакала. Адзін з іх расказвае: прыйшоў да нас раніцай АМАП, кінуў маю маму, тату. І мне сказаў, сядзець. І пачалі вобшук. А другі яму расказвае сваю гісторыю: а ў мяне было тое самае. Прыйшлі, бабулю адкінулі маю, маму. І гэта дзецям па дзесяць гадоў! Гэтыя дзеці трымаюцца. Ім зламалі псіхіку. Я не ведаю, мо тыя людзі дзяцей сваіх не маюць? Я гэта не магу зразумець.

РР: Як выглядае жыццё польскай супольнасці тут, у Беластоку?

Ірэна Бярнацкая: Мы быццам сядзім за тымі ж кратамі, бо там сядзяць нашыя лідары – Анжаліка і Анджэй. І таму ў асяродку вельмі цяжка, вельмі перажываем. Плануем, што можам зрабіць, спатыкаемся, размаўляем. І, зразумела, кожнаму з нас тут добра, але вельмі хочацца дадому, на сваю Радзіму.

Ірэна Бярнацкая, актывістка Саюза палякаў у Беларусі, кажа, што адразу вернецца дадому, у родную Ліду, як толькі гэта стане магчымым.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя