Беларуская дыяспара Беластоку пазнаёмілася з дзейнасцю беларускіх арганізацый Падляшша
Cустрэча-знаёмства новай беларускай дыяспары з беларускімі арганізацыямі і ініцыятывамі Падляшша прайшла ў Беластоку. Прадстаўнікі “Радыё «Рацыя» і тыднёвіка „Ніва”, АББА, фонду «Тутака», Беларускага аб’яднання студэнтаў, Беларускага гістарычнага таварыства ды іншых арганізацый знаёмілі прысутных са сваёй дзейнасцю ды разважалі пра беларускія справы.
Старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа узняў на сустрэчы некаторыя праблемы, з якімі мае дачыненне беларуская меншасць, гэта асіміляцыя ды русіфікацыя:
– Спачатку жалезная заслона, потым – папяровая, зараз – дыктатура, на жаль, абмяжоўваюць. І кожная меншасць не выжыве, калі не зможа існаваць у духоўнай прасторы Бацькаўшчыны. І для нас асіміляцыя – гэта таксама вынік, на жаль, той русіфікацыі, якая была ў Беларусі, і дыктатуры, якая зараз. Гэта падрэзвае нам крылы і веру. Але мы верым, што нешта зменіцца да лепшага. Толькі наш дэмаграфічны патэнцыял вельмі рэзка змяншаецца. І ў гэтым галоўная праблема.
Пра дзейнасць сваёй арганізацыі распавёў кіраўнік фонду «Тутака» Павел Станкевіч:
– Ёсць такая задача для нашага Фонду не толькі ствараць і думаць пра беларускую культуру ці пра беларукую мову для беларусаў, якія больш-менш яе разумеюць. А таксама ствараць прастору для тых, хто хоча яе вывучаць, але праз мову, напрыклад, для іх гэтыя дзверы закрытыя.
Напраканцы сустрэчы прапанавалі падпісаць паштоўкі да беларускіх палітвязняў, а таксама ахвяраваць на дзейнасць арганізацый беларускай дыяспары, ўсе ахвочыя маглі ўзяць сувеніры ў выглядзе кніг, буклетаў ці свежы нумар «Нівы».
Прадстаўнікі беларускай дыяспары падзяліліся сваімі ўражаннямі пасля сустрэчы:
Захаркевіч Жана:
– Я вымушана прыехала з Гародні. Мне было прысуджана тры гады „хіміі” за пратэстныя акцыі. На сустрэчы было вельмі цікава, цудоўна.
Вячаслаў Навагродскі:
– Я з Беларусі, паляк па нацыянальнасці. Але ведаю беларускую мову, бо гэта мова маёй краіны, у якой я нарадзіўся. І я ведаю амаль усіх людзей, якія тут выступалі, бо яны прымаюць актыўны ўдзел у акцыях беларусаў. Беларусы сапраўды абудзіліся. Было вельмі прыемна іх пабачыць сёння і пачуць гісторыі пра тое, чым яны займаюцца тут, як яны традыцыі захоўвалі, як яны берагуць іх. Гэта вельмі патрэбна беларусам, якія прыехалі з Беларусі і, на жаль, не ведаюць беларускай мовы.
Наталля Сцепанцова:
– Я прадстаўніца дыяспары беларусаў Беластока. Я вельмі радая, што сёння адбылася гэта сустрэча. Я знаёмая з беларусамі Падляшша. Заўсёды захаплялася людзьмі, якія робяць нават больш, чым беларусы, якія сюды прыязджаюць, для захавання сваёй беларускай культуры, сваёй тоеснасці, стараюцца, каб яны вывучалі беларускую мову, гісторыю, культуру.
Мерапрыемства арганізаваў фонд «Беларусь 2020» пры падтрымцы Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Польшы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя