Івонка Сурвіла звярнулася да суайчыннікаў у гадавіну Слуцкага збройнага чыну



У чарговую гадавіну Слуцкага збройнага чыну старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да суайчыннікаў.

«Бязьмежна ганаруся маім народам, які ў лістападзе 1920-га году ўзяў зброю ў рукі, каб бараніць сваю зямлю ад чужой навалы, – піша Івонка Сурвіла. – Тады яшчэ перад дзясяткамі гадоў прамывання мазгоў прапагандай савецкай улады, народ наш адчуваў сябе гаспадаром свайго краю і ведаў цану свабоды. Першае войска БНР – 10 000 случчакоў – не пашкадавала свайго жыцьця, каб бараніць Бацькаўшчыну».

Старшыня Рады БНР заўважае, што беларускі народ ізноў апынуўся пад пагрозай чужой няволі, «але гэтым разам чужакам памагаюць свае «паліцаі» на чале з узурпатарам улады. «Дарагія суродзічы, давайце разам 27-га лістапада аддамо даніну павагі нашым героям-случакам, якія разумелі, што няма большай каштоўнасьці, як свой вольны незалежны край», – заклікала старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.