Палітыкі і дыпламаты свету падтрымалі Дзень салідарнасці з палітвязнямі
Абвешчаны 27 лістапада Святланай Ціханоўскай Дзень салідарнасці з палітвязнямі падтрымалі ў некалькіх дзясятках краін.
Як паведаміў дарадца палітыка Франак Вячорка, да акцыі далучыліся прэзідэнты Эстоніі, Славакіі і Польшчы, прэм’ер-міністр Славеніі, міністры замежных спраў Аўстрыі, Ірландыі, Даніі, Літвы, Латвіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, мэр Будапешта, дзяржсакратар ЗША, дэпутаты Еўрапарламента, Германіі, Швецыі і Францыі, Ірландыі і Канады. У падтрымку беларускіх палітвязняў зрабіў заяву і фонд BMW, піша REFORM.by.
У гэты дзень беларускія дыяспары падпісвалі паштоўкі палітвязням. У акцыі таксама прынялі ўдзел дыпламаты.
«У гэты дзень салідарнасці я разам з viasna96 і іншымі дыпламатамі адправіла лісты некаторым з больш чым 880 палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі. Мы памятаем іх, мы падтрымліваем іх, мы заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення», — напісала ў Twitter спецпасланнік ЗША ў Беларусь Джулі Фішэр.
«Каля 900 грамадзян Беларусі заключаны Лукашэнкам у турму толькі за тое, што яны хацелі, каб іх краіна была свабоднай і дэмакратычнай. Польшча хоча такую ж Беларусь, як і яны. Выказваю салідарнасць з усімі ахвярамі дыктатуры Лукашэнкі», — напісаў у Twitter прэзідэнт Польшчы Анжэй Дуда.
У Варшаве Палац культуры і навукі падсвяцілі ў колер бел-чырвона-белага сцяга.
«Дзень салідарнасці з палітвязнямі. Іх амаль тысяча. Францыя і Еўрапейскі саюз з імі заўсёды. Як сказала Святлана Ціханоўская, “наша барацьба за свабоду — яна і ваша таксама”», — гаворыцца ў паведамленні дзяржсакратара па еўрапейскіх справах пры МЗС Францыі Клемана Боне.
«Рэжым у Мінску выкарыстаў мігрантаў як выклік нашай бяспекі і спосаб адцягнуць увагу, пакуль парушэнні правоў чалавека і расправы з крытыкамі рэжыму Лукашэнкі ўзмацніліся», — заявілі ў Еўрапейскай службе замежных сувязяў.
«Наша пазіцыя ясная: мы заклікаем рэжым Лукашэнкі пакласці канец рэпрэсіям супраць чальцоў грамадзянскай супольнасці і іншых грамадзян; неадкладна вызваліць амаль 900 палітычных зняволеных у Беларусі і правесці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным наглядам» — напісаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.