Пра беларускі Туркменістан
Падавалася, дзе Туркменістан, а дзе Беларусь. Падавалася, што Беларусь ніколі не дагоніць Туркменістан. Ні ў плане эканамічным, ні ў плане палітычным. У Сінявокай, праўда, як у Туркменістане, слова каронавірус яшчэ не забаранілі, аднак статыстыка хворых і памёрлых ад кавіду выклікае і выклікала, мякка кажучы, пытанні.
У Туркменістане так добра жывуць людзі, што яны маюць прадуктовыя пайкі. То бок могуць сабе дазволіць толькі прадукты па фіксаванай і субсідыяванай цане. Для таго, каб набыць прадукты ў дзяржаўных крамах, даводзіцца стаяць у чэргах па некалькі гадзін. На рынках прадукты таксама ёсць, але вельмі дарагія. Дазволіць іх сабе насельніцтва не можа. Падавалася, падобнага ў Беларусі ніколі не будзе. І вось намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін загаварыў пра тое, што ў Беларусі пастанова №100, паводле якой былі жорсткія меры па рэгуляванні цэн на сацыяльна знаныя тавары першай неабходнасці, паступова выйдзе з ужытку. Я ўжо было падумала, што мы сталі жыць лепей. І знікла неабходнасць у дзяржаўным рэгуляванні. Аказваецца, не. Замест пастановы плануюць увесці бонусныя карткі для маламаёмасных, шматдзетных і пенсіянераў. Чамусьці адразу ўзгадваецца Туркменістан з прадуктовымі пайкамі. Але, можа, гэта толькі падаецца. А насамрэч мы жывем у самай квітнеючай краіне.