Дзень Волі ў Слоніме



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл адзначылі Дзень волі ў Слоніме без мітынгаў, пікетаў і шэсцяў. Пасля працоўнага дня яны сабраліся разам і павіншавалі адзін аднаго са святам.

А потым Сяргей Чыгрын прэзентаваў кнігу пачынальніка беларускай літаратуры, аўтара “Нашай нівы” у 1911-1921 гадах – паэта, празаіка, драматурга і педагога Кандрата Лейкі “Пан Трудоўскі”, якая нядаўна выйшла з друку ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор”.

Складальнік кнігі твораў распавёў, як ён шмат гадоў шукаў звесткі пра свайго земляка, як знайшоў яго магілу ў горадзе Здалбунаў на Украіне, як ішла праца над кнігай.

Потым сябры згуртавання павіншавалі доктара і грамадскага актывіста Івана Шэгу з днём нараджэння, якое супадае якраз з Днём Волі – 25 Сакавіка.

А пасля за гарбаткай і кавай вялася доўгая гутарка пра лёс Беларусі, а таксама пра тыя падзеі, якія сёння адбываюцца на Украіне. А ў канцы святкавання ўсе разам сфатаграфаваліся на памяць.

[Not a valid template]

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім

Фота аўтара.