„Вясна” стала лаўрэатам прэміі Марыян Дэнхаф



Праваабарончы цэнтр „Вясна” стаў лаўрэатам прэміі Марыян Дэнхаф за міжнароднае разуменне і прымірэнне.

Яшчэ адным сёлетнім лаўрэатам стаў нямецкі палітык Герхарт Баўм.

Пра рашэнне журы было вядома яшчэ ў ліпені. У канцы лістапада ў нямецкім драматычным тэатры ў Гамбургу мусіла адбыцца цырымонія ўручэння прэміі, аднак яе адмянілі праз каронавірус. Але арганізатары апублікавалі рэліз. У ім прыводзіцца цытата з прамовы старшыні парламенцкай групы Бундэстага Катрын Герынг-Экардт. Яна адзначыла, што „дэмакратычная апазіцыя ў аўтарытарных сістэмах залежыць ад асвятлення падзей для сусветнай грамадскасці, таму што ў цемры дыктатуры растуць хутчэй, чым пры святле”. „Вясна” ў гэтым сэнсе робіць вельмі шмат — 25 гадоў прыцягвае ўвагу да жорсткага абыходжання і парушэнняў правоў чалавека ў краіне. Парламентарка таксама нагадала пра палітвязняў, якіх у Беларусі ўжо больш за 800.