У Белкарт рыхтуюцца да адключэння краіны ад SWIFT?



Намеснік генеральнага дырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтра Аляксандр Юлдашаў распавёў, ці зможа сістэма кампенсаваць адсутнасць Visa і Mastercard пры адключэнні Беларусі ад SWIFT, і выказаўся пра перспектывы аб’яднання Белкарт з расейскай аплатнай сістэмай «Мір».

Па словах Юлдашава, Белкарт будзе з’яўляцца для беларусаў надзейным плацежным сродкам, «нягледзячы на любыя выклікі ў будучыні». Такім чынам намеснік дырэктара адказаў на пытанне, ці зможа плацежная сістэма кампенсаваць адсутнасць Visa і Mastercard на фоне пагрозы адключэння краіны ад SWIFT, паведамляе REFORM.by са спасылкай на БелТА.

Узаемадзеянне з расейскай аплатнай сістэмай «Мір» у банкаўскім працэсінгавым цэнтры ацэньваюць як дадатковую магчымасць для Белкарт пашырыць геаграфію выкарыстання.

«Узровень надзейнасці і бяспекі захоўваецца дастаткова высокім, а ўладальнік карткі Белкарт (гэтак жа, як і ўладальнік карткі «Мір») атрымлівае новыя і вельмі карысныя яму магчымасці бяспечнага разліку за мяжой. Перш за ўсё – у Расеі, найбольш наведваемай беларусамі краіне. Белкарт і «Мір» зрабілі ўсё неабходнае для ўзаемнага абслугоўвання трымальнікаў картак ва ўсёй інфраструктуры нашых плацежных сістэм, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы, трансгранічныя пераводы паміж карткамі дзвюх плацежных сістэм. Важна адзначыць і тое, што Белкарт дадзеным праектам адкрывае для беларусаў рынак не толькі Расеі, але і Арменіі, Кіргізіі, Абхазіі, Казахстана і іншых краін, якія знаходзяцца ў дадзеным праекце», — сказаў Юлдашаў.

Пры гэтым, са слоў Юлдашава, у Белкарт гатовыя да кабэйджу з іншымі аплатнымі сістэмамі.

Як паведаміў намеснік кіраўніка Банкаўскага працэсінгавага цэнтра, цяпер з Белкарт супрацоўнічае 21 банк з 30 банкаў Беларусі, карту прымае 99% гандлёвых аб’ектаў і 100% банкаматаў краіны.

Тым часам, колькасць трымальнікаў картаў Белкарт змяншаецца.