Справа Кацярыны Вапы з Гайнаўкі



Прыгадаем, што настаўніца ангельскай мовы, прадстаўніца беларускай нацменшасці ў Польшчы, і валанцёрка, якая дапамагае мігрантам, стала аб’ектам нападаў, што наўпрост распальваюць нацыянальную варожасць. Пачаткова на сайце грамадскага тэлебачання TVP info з’явіўся артыкул, у якім падтрымку мігрантаў увязалі з беларускай нацыянальнасцю Касі. Гэта выклікала хвалю негатыву ў дачыненні да гераіні матэрыялу, якую ў каментарах пачалі звязваць з рэжымам Лукашэнкі і “адпраўляць” у Беларусь. Рашучы пратэст у сувязі з гэтым выказалі беларускія арганізацыі ў Польшчы, падпісаўшы адкрыты ліст. “Сёння на пасяджэнні сеймавай камісіі па нацменшасцях гэты ліст не атрымалася зачытаць”, – кажа дэпутат ад Падляшша Яўген Чыквін. Прычына банальная – не хапіла часу:

„Пасяджэнне было запланаванае на 3 гадзіны. Былі 2 пункты – першы быў звязаны з тымі антысеміцкімі выступамі, якія былі ў Калішы, якое трывала вельмі доўга. Я, як забіраў голас у першай справе, сказаў, што маю такое пасведчанне, якое прадстаўлю ў 2 частцы, але часу не хапіла”.

У выніку справу Кацярыны Вапы і матэрыялу пра яе будуць абмяркоўваць на чарговым пасяджэнні камісіі, якое запланаванае на 13 снежня. Тады ж Яўген Чыквін мае зачытаць адкрыты ліст беларускіх арганізацый у Польшчы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя