У Літве хочуць працягнуць надзвычайнае становішча на мяжы



Міністэрства ўнутраных спраў Літвы ініцыюе працяг надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю праз тое, што створаны рэжымам Лукашэнкі міграцыйны крызіс не скончыўся, піша „Еўрапейская праўда”.

Згодна з праектам, надзвычайнае становішча ў прыгранічнай 10-кіламетровай зоне і ў месцах пасялення нелегальных мігрантаў працягнецца да 9 студзеня 2022 года. Раней Сойм узгадніў дзеянне надзвычайнага становішча да 9 снежня.

„Пагрозы, з-за якіх былі прыняты гэтыя дадатковыя меры (…), усё яшчэ захоўваюцца”, – адзначыла міністр унутраных спраў Агне Білатайце.

Яна адзначыла, што спробы перасячэння мяжы не спыняюцца і для траплення на тэрыторыю Літвы прыдумляюць новыя спосабы, у прыватнасці, у грузавіках, якія ідуць праз мяжу, ёсць дадзеныя пра цэлую сетку тых, хто гатовы ладзіць перавозку.

Фота: lrt.lt