Спартовага чыноўніка Базанава разам з жонкай выслалі з Чэхіі
Кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола Уладзіміра Базанава разам з жонкай выслалі з Чэхіі, – паведамляе Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.
Прычынай называецца „парушэнне супраць-эпідэмічных мер”. Паліцыя затрымала Базанавых 30 лістапада і вывучала законнасць іх знаходжання ў Чэхіі. Кіраўнік федэрацыі прыехаў у гэтую краіну, каб наведаць матч жаночай зборнай Беларусі з мясцовымі футбалісткамі, які ў выніку адмянілі з-за станоўчых тэстаў на каронавірус у некалькіх беларусак.
Шэраг чэшскіх палітыкаў зрабілі заявы пра тое, што прыхільніку Аляксандра Лукашэнкі “няма чаго рабіць у Еўропе”. Святлана Ціханоўская нагадала, што Базанаў — “чалавек, які мае прамое дачыненне да рэпрэсій у беларускім футболе”. Уладзімір Базанаў — фігурант “чорнага спісу” краін Балтыі.
Беларускае Радыё Рацыя