Пра новую назву, але старую сутнасць
Памятаеце са школьных гадоў матэматычнае правіла: ад перамены месцаў складнікаў сума не змяняецца. Вось так і з некаторымі назвамі: як іх не змяняй, а сутнасць ад гэтага аніяк не зменіцца. Вось, напрыклад, былі калісьці газеты з прыметнікам “савецкі” ў назве. Зрабілі рэбрэндынг, каб прыметнік “савецкі” прыбраць. Аднак сутнасць ад гэтага не змянілася. Газеты як былі, так і засталіся савецкімі, паводле падачы інфармацыі. Вось цяпер збіраюцца перайменаваць Цэнтральную камісію рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Цяпер яна будзе называцца Цэнтрвыбаркам. То бок Цэнтральнай камісіі нададуць скарочаную неафіцыйную назву. Нібыта так зручней. Бо назва Цэнтральная камісія рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў магла скарачацца як Цэнтральная камісія, што было нязручна. Ды і цалкам назву “Цэнтральная камісія рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў” мала хто не тое, што называў, а ўвогуле ведаў на памяць. Аднак у дадзеным выпадку скарачэнне назвы, на жаль, будзе толькі скарачэннем. І ніякіх сутнасных зменаў не прынясе. У дадзеным выпадку, што старая назва, што новая – сутнасць тая ж.