Пра небяспекі прызнання Крыму часткай РФ



Адзін з асноўных міфаў прапаганды адносна анексіі РФ украінскай паўвыспы Крым заключаецца ў тым, што тое далучэнне прайшло бяскроўна і без супраціву ўкраінскіх вайскоўцаў. У ранейшыя часы, калі афіцыйны Менск прытрымліваўся формулы “Крым дэ-факта расейскі, але дэ-юрэ ўкраінскі”, кіраўнік дзяржавы неаднаразова папікаў украінцаў тым, што яны, маўляў, аддалі сваю тэрыторыю “без бою”. У нейкай ступені дадзенае выказванне мае пад сабой грунт, паколькі да паўнамаштабнай вайны ў Крыме ў 2014 годзе сапраўды не дайшло. Большая частка крымскіх сілавікоў перайшла на бок агрэсара, некаторыя звольніліся са службы. Аднак гаварыць пра тое, што Крым зусім не аказваў супраціву РФ – гэта яўна перабольшанне.

Сыходзячы з храналогіі падзей, імклівай анексіі часткі ўкраінскай тэрыторыі перашкодзілі мясцовыя жыхары, збольшага прадстаўнікі народу кырымлы. 26 лютага 2014 года крымскія татары разам з праўкраінскімі актывістамі сарвалі пазачарговае пасяджэнне дэпутатаў ВР Крым, на якім планавалася прызначыць дату так званага рэферэндума аб далучэнні да РФ. Гэтая мірная і масавая акцыя прымусіла кіраўніцтва РФ сарваць маску добраахвотнага далучэння, пасля чаго пачалася вайсковая аперацыя з захопам адміністрацыйных будынкаў, вайсковых частак, перакрыццём дарог і перакідваннем дадатковых фармаванняў з мацерыка. Аднак і ва ўмовах паралюша цэнтральнай улады ў Кіеве некаторыя ўкраінскія вайскоўцы прадэманстравалі вернасць прысязе. Годна выйшлі з Крыма ва Украіну феадасійскія марпехі, якія захавалі сцягі і тэхніку. Таксама вядомыя выпадкі пераводу ваенных летакоў з некалькіх аэрадромаў, нягледзячы на пагрозы пра прымяненне зброі з боку расейскіх вайскоўцаў. Гісторыя тральшчыка “Чаркасы”, экіпаж якога супраціўляўся да апошняга ў заблакаванай бухце Донузлаў, увогуле стала асновай для стварэння кінафільма.

Былі і ахвяры сярод украінскіх ваенных. Праз два дні пасля так званага рэферэндуму, 18 сакавіка 2014 году, невядомыя абстралялі ўкраінскі картаграфічны цэнтр, у выніку чаго загінуў прапаршчык Сяргей Какурын. Уначы з 6 на 7 красавіка 2014 году стрэламі ва ўпор з аўтамата Калашнікава быў забіты маёр украінскай арміі, 32-гадовы Станіслаў Карачэўскі. Забойства адбылося на тэрыторыі інтэрната вайсковай часткі. Бяззбройнага ўкраінскага афіцэра забіў сяржант ЧФ Расеі Яўген Зайцаў. У першыя месяцы анексіі былі таксама загінулыя і сярод цывільнага насельніцтва. Такім чынам, “бяскроўнае” далучэнне Крыма – гэта прапагандысцкі міф Крамля. Калі ягонае тыражаванне выгаднае непасрэдна палітычнаму кіраўніцтву РФ, то для Беларусі паўтарэнне падобных тэзісаў – гэта своеасаблівая пастка. 

Што да пазіцыі афіцыйнай Беларусі адносна юрыдычнага прызнання далучэння Крыма да Расеі, то тут, акрамя разнапланавых праблем у міждзяржаўных дачыненнях з Украінай, перад нашай краінай паўстае шэраг выклікаў, якія нясуць пагрозы існаванню суверэннай дзяржавы. Афіцыйнае прызнанне Крыма часткай РФ – гэта добраахвотная адмова ад выкарыстання механізмаў міжнароднага права ў якасці інструментаў абароны незалежнасці. Гаворка ідзе пра капітуляцыю перад “правам моцнага”, што ў нашым выпадку выглядае самазабойствам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ