Генадзь Фядыніч: Аднымі адміністратыўнымі захадамі ўлады праблемы не вырашаць



Цяперашнія ўлады супярэчаць самі сабе. З аднаго боку, на прадпрыемствах і розных установах ідуць звальненні, у асноўным палітычныя, то бок – звальняюць нязгодных. З іншага боку, улады патрабуюць узяць пад кантроль непрацуючых, якія, быццам, не працуючы, карыстаюцца сацыяльнымі дабротамі. Днямі, напрыклад, узмацнення кантролю і ціску патрабаваў кіраўнік Менгарвыканкаму Ўладзімір Кухараў.

Абсурдную сітуацыю на нашым радыё каментуе намеснік старшыні Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч:

З аднаго боку, улады кажуць, што трэба адсочваць „дармаедаў”, якіх шмат і якія “някепска” жывуць і нідзе не працуюць. Такія прагучалі словы. А з другога боку, ідуць звальненні, і людзі нікуды не могуць уладкавацца. Тады, мабыць, трэба сядаць за круглы стол з зацікаўленымі людзьмі і разглядаць гэтую тэму. У тым ліку і пачуць гэтых “дармаедаў”, якіх звальняюць, як ім уладкавацца. Я думаю, аднымі адміністратыўнымі захадамі гэтую праблему не вырашыць.

РР: Наша ўлада, відаць, ужо не можа проста з людзьмі размаўляць, толькі вокрыкамі.

Генадзь Фядыніч: Калі ты хочаш быць кіраўніком горада, вобласці ці раёна, ты павінен, хочаш ты ці не, умець размаўляць з людзьмі і слухаць гэтых людзей, каб яны пачулі цябе. І трэба рабіць высновы тым, хто дае гэтыя лісты на звальненне, высновы наймальнікам, высновы ўладам, таму што гэта шлях у нікуды.

РР: Тыя, каго звольнілі, хутка сутыкнуцца з яшчэ адной праблемай – з “дармаедскімі” жыроўкамі.

Генадзь Фядыніч: Зараз і так ёсць элемент няплаты камунальных паслуг. Людзі яшчэ больш не будуць плаціць, бо ў людзей проста не будзе на гэта грошай. І ўладзе трэба думаць, што калі чалавек будзе працаваць за 200 – 300 рублёў, то ён не зможа плаціць за камунальныя паслугі. Яму трэба даць магчымасць працаваць, каб жыць і аплочваць паслугі. Зараз з кожным днём сітуацыя пагарашаецца.

РР: Вы асабіста як адзін з лідараў Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці сутыкаліся з сітуацыяй, калі людзям няма чым плаціць?

Генадзь Фядыніч: Я ведаю такіх людзей, яны не плацяць па тры – чатыры месяцы і не таму, што не хочуць, а таму, што няма грошай.  А яшчэ ў іх ёсць сем’і, дзеці і ім проста не хапае грошай. І гэта ўлада павінна ведаць. Калі не хапае простым людзям, павінна не хапаць і ўладзе. Такога не павінна быць, што чыноўнікі самі па сабе, а народ – жыві як хочаш. Трэба рыхтаваць калектыўныя заявы, пісаць іх сотнямі, хай людзі не баяцца. Трэба апублічваць, таму што праблемы нарастаюць.

І, безумоўна, без вырашэння гэтая праблема выбухне ў рэшце рэшт, – лічыць Генадзь Фядыніч.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя