Ва Украіне пасмяротна ўзнагародзілі беларускага палітвязня Вітольда Ашурка



Палітвязня Вітольда Ашурка пасмяротна ўзнагародзілі крыжам Пятра Калнышэўскага „за годнасць у палоне”.

Рашэнне прыняла Усеўкраінскае аб’яднанне „Краіна”. Адна з мэтаў гэтай грамадскай арганізацыі — вызначэнне і ўзнагароджанне годных грамадзян. Крыжам Пятра Калнышэўскага „За годнасць у палоне” узнагароджваюць тых, хто быў узяты ў палон і не здрадзіў прысязе, праявіў узор мужнасці і непахіснасць перакананняў. За ўвесь час гэтую ўзнагароду атрымалі менш за 100 чалавек

Раней гэтай жа ўзнагародай была адзначана яшчэ адна беларуская палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк. Яе ўзнагародзілі за цвёрдасць пазіцыі і мужнасць, праяўленыя падчас судовага працэсу.

18 студзеня 2021 суд прысудзіў Вітольду Ашурку пяць гадоў калоніі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і за пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. У пачатку траўня яго этапавалі ў шклоўскую калонію. А ў канцы траўня родным паведамілі, што Вітольд памёр.

Беларускае Радыё Рацыя