Шматдзетнай маці прысудзілі 4 гады калоніі



Жыхарку Ждановічаў Вольгу Залатар прызналі вінаватай у нібыта стварэнні экстрэмісцкага фармавання, арганізацыі і навучанні дзеянням, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў пасобніцтве і пакаралі 4 гадамі пазбаўлення волі.

Прысуд вынесла суддзя гарадскога суда Менска Анастасія Папко.

Падчас спрэчак бакоў пракурорка Жана Баранава прасіла суд прызнаць віну Вольгі Залатар даказанай і агулам прыгаварыць яе да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, маці пяцярых дзяцей затрымалі ў пасёлку Ждановічы ў канцы сакавіка. У той жа дзень дома ў Вольгі прайшоў ператрус, яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Саму жанчыну перавялі ў СІЗА-1 Менска. Падчас допытаў Вольга заявіла, што ў дзень затрымання да яе ўжывалася фізічная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі.

Следчы камітэт адмовіў у завядзенні справы на ГУБАЗіК за катаванні.

Суд па справе Вольгі Залатар пачаўся ў гарадскім судзе Менску раніцай 15 лістапада, жанчына правяла ўжо 8 месяцаў за кратамі. Жанчына не прызнала сваёй віны па ніводным з артыкулаў абвінавачвання. У сваім апошнім слове на судзе Вольга сказала: «Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўды. Неабходнае пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне».

Беларускае Радыё Рацыя