У Кіеве адкрылася анлайн-выстава «Made in Belarus / Made of pain»
У Кіеве адкрылася анлайн-выстава «Made in Belarus / Made of pain», прысвечаная Беларусі ў поствыбарчы перыяд мінулага года. Праект змяшчае пяць гісторый, якія ілюструюць жорсткі час краіны з розных бакоў.
“Тут мы кажам пра боль, пра яго прычыны і вынікі. Праз прызму гісторый мы паказваем тое, пра што важна казаць і неабходна памятаць”, – адзначае аўтар праекту, рэжысёр-пастаноўшчык, фатограф Аляксандр Сушчэўскі.
– Мы хацелі зрабіць акцэнт на тое, што ў Беларусі зараз складаны час. Мы раскрываем тыя аспекты, пра якія, сапраўды, цяжка нават падумаць. Цяжкія рэчы, якія мяняюць людзей, мяняюць іх успрыяцце гэтага свету. Я хачу, каб людзі не забываліся пра тое, што трэба працягваць змагацца, нягледзячы ні на што. Калі мы не зможам гэтага зрабіць, то ўсе загінулыя, усе людзі, якія сядзяць у турмах, якіх пазбаўляюць базавых правоў, гэтыя тысячы, якія пакінулі свае дамы, усё гэта будзе дарма.
Аляксандр прызнаецца, што думкі зладзіць выставу ў фармаце афлайн таксама маюцца.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя