Вольга Івашына: Стан здароўя Дзяніса – стабільны



Жонка гарадзенскага палітвязня Дзяніса Івашына працягвае ліставанне з пракуратурай і „Белпоштай”, каб даведацца пра лёс лістоў да Дзяніса.

Кажа Вольга Івашына:

Звярталася на “Белпошту” наконт лістоў і пасылак, чаму так доўга ідуць і ўвогуле не даходзяць. Яны мне, праўда, адказалі не так, як мінулы раз. Яны спаслаліся на нейкія нормы закона, пра тое, што трэба з пісьмовай заявай падысці, з пашпартам, з квітанцыямі да іх. Тут ёсць пэўныя складанасці, не ведаю, як у мяне атрымаецца, будзем глядзець.

Па словах Вольгі, ад пракуратуры прыходзяць дзіўныя адказы:

– Звярталася ў Дэпартамент выканання пакаранняў наконт таго, што з паштоўкай айчыннай нейкія дзівосы былі. Чамусьці яны да гэтага часу мне не адказалі. Ужо практычна месяц прайшоў з таго часу, як яны атрымалі мой зварот. Паглядзім, калі на гэтым тыдні нічога не будзе, будзем далей разважаць. Генпракуратура, як і пракуратура Гарадзенскай вобласці сцвярджаюць, што ўсе адказы мне былі дасланыя. Будзем далей змагацца.

Дзяніс Івашын з 12 сакавіка знаходзіцца за кратамі і яму прад’явілі два абвінавачанні. Першае –  умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных справаў (арт. 365 КК), другое –  падазраюць у здрадзе дзяржаве, як вынікае з адказу КДБ. Яму пагражае да 15 год зняволення.

Беларускае Радыё Рацыя