ЕСПЧ забараніў высылаць мігрантаў у Беларусь, калі яны ўжо трапілі ў Польшчу



Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пастанавіў, што мігранты не могуць быць высланыя ў Беларусь, калі ўжо знаходзяцца на польскай тэрыторыі. Гэта вынікае з рашэння, апублікаванага на сайце суда.

З 20 жніўня па 3 снежня 2021 года ЕСПЧ разгледзеў 47 хадайніцтваў ад 198 заяўнікаў з просьбай гарантаваць бяспечнае знаходжанне на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу.

44 пазовы падалі супраць Польшчы, два — супраць Латвіі, адзін — супраць Літвы. «У большасці заяваў, дзе заяўнікі сцвярджалі, што знаходзяцца ў Польшчы, і прасілі не высылаць іх назад у Беларусь, суд ужыў правіла 39 і пастанавіў, што заяўнікі не павінны быць высланыя з Польшчы, калі яны сапраўды знаходзяцца на яе тэрыторыі», — гаворыцца ў пастанове суда.

Па адным з хадайніцтваў, якое тычылася 32 грамадзян Афганістану, якія апынуліся на беларуска-польскай мяжы, суд папрасіў Варшаву дазволіць доступ да іх адвакатаў. У некаторых выпадках ЕСПЧ запатрабаваў забяспечыць мігрантаў ежай, вадой, адзеннем, адэкватнай медычнай дапамогай і, калі магчыма, часовым сховішчам.

Фота: Reuters