Лісты палітвязням: акцыя ў Кіеве
Беларуска, якая з Украіны напісала ліст Сяргею Ціханоўскаму, а затым атрымала ад яго адказ, арганізавала пад Кіевам акцыю, падчас якой усе ахвотныя напісалі лісты палітзняволеным.
“Мы не губляем надзею, што нашыя лісты даляцяць да адрасатаў і падтрымаюць іх. А яшчэ мы спадзяемся, што наладзім зваротную сувязь”, – тлумачыць беларуска Кася.
– Чым нашая акцыя адрознівалася ад усіх акцый «лістоў палітвязням». Мы папрасілі аднаго сябра, каб ён нам прывёз беларускія паштовыя маркі, каб мы маглі пакласці іх у канверт і атрымаць адказ ад палітвязня. Мяне наогул уразіла, што вельмі шмат украінцаў падыходзіла, яны нас маральна падтрымлівалі, казалі: мы з вамі, мы молімся за вас, ведайце, што вы робіце ўсё правільна, трымайцеся.
Зладзіць Касе такую акцыю дапамаглі яшчэ двое сяброў-аднадумцаў. Плануецца, што такія акцыі стануць традыцыйнымі і будуць праводзіцца раз на 2 месяцы.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя.