Раман Халілаў: Рэжым, у якім за сына адказваюць бацькі, не можа доўга існаваць



Актывіст анархісцкага руху Раман Халілаў упэўнены, што яго 56-гадовую маці Гаянэ Ахціян арыштавалі за яго і на хаду прыдумалі крымінальны артыкул нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў або ўдзелу ў іх. Яго хворую маці ўтрымліваюць у бесчалавечных умовах, як і ўсіх палітычных, кажа Раман Халілаў:

– Гэта – адсутнасць матрацаў, іншага базавага забеспячэння, якім павінны забяспечваць арыштаваных. Ствараюцца ўмовы катавання – каб не было магчымасці нармальна спаць, каб было немагчыма нармальна прытрымлівацца гігіены.

Паводле Рамана Халілава, рэжым, у якім за сына адказваюць бацькі, або наадварот, мае нулявыя перспектывы на існаванне. І нават калі яму прапануюць абмен яго несвабоды на свабоду маці, ён ім не паверыць:

– Рэжыму нельга давяраць. Нават калі б я вярнуўся. Усё адно яны б не вызвалялі маіх сваякоў. Паказалі б, што я дарэмна вярнуўся, у тым плане, што я нічога з гэтага вяртанне не атрымаў, што далей будуць працягваць пакутаваць і я , і мае сваякі.

Па словах Рамана Халілава, змірыцца з жорсткім і бязглуздым рэжымам – гэта страціць надзею на спакойнае, абароненае і заможнае жыццё ў цывілізаванай дзяржаве. Гэта дабравольна замураваць сябе і дзяцей у беларускім ГУЛАГу.

Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя