Пра тое, навошта ўлады выкарыстоўваюць “крымскую карту” ў супрацьстаянні з Украінай



Расейская праўладная інфармацыйная агенцыя “ТАСС” паведамляе, што 8-га снежня, у 130-ую гадавіну з моманту нараджэння беларускага паэта Максіма Багдановіча, з Беларусі ў анексаваны Крым нібыта мае прыехаць прадстаўнічая дэлегацыя. Склад гэтай дэлегацыі пакуль што захоўваецца ў таямніцы, але, сыходзячы з намёкаў, вынікае, што, хутчэй за ўсё, дзяржаву прадставяць дзеячы квазіграмадскіх арганізацый і праўладных партый. Магчыма, дэсант з нашай краіны будзе складацца з сервільных артыстаў. Сюрпрызаў тут не будзе хаця б па адной прычыне: арганізатарам незаконнай з пункту гледжання міжнароднага права паездкі з’яўляецца дастаткова адыёзная асоба, кіраўнік “нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Крыма” Раман Чагрынец. Гэты дзеяч праславіўся падчас падзей так званай “Рускай вясны”, у выніку якой украінская паўвыспа была далучаная да РФ. Адпаведна, з Беларусі на мерапрыемства, арганізаванае гэтым чалавекам, могуць прыехаць толькі людзі, якія не пераймаюцца пытаннямі міжнароднага права і не плануюць наведваць цывілізаваны свет у далейшым.

Разам з тым, паездка “ўмоўна” афіцыйнай дэлегацыі з Беларусі не можа адбыцца без добраслаўлення ўладаў. Прынамсі, гэтае мерапрыемства можна разглядаць як чарговы інструмент ціску на Кіеў, які адмовіўся прызнаваць цяперашняга кіраўніка беларускай дзяржавы легітымным прэзідэнтам.

Тое, што ўся гэтая спецаперацыя задуманая выключна пад знешняга спажыўца (Уладзіміра Зяленскага і яго апарат), не выклікае ніякіх сумневаў ва ўсіх, хто хоць трошкі разумее спецыфіку ўлады Беларусі і яе стаўленне да дзеячаў нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. Аўтар альтэрнатыўнага беларускага гімну “Пагоня”, які выконваўся ў тым ліку на вуліцах і плошчах у 2020 годзе, наўрад ці выклікае вялікую сімпатыю ў прадстаўнікоў кіруючага рэжыму. Яны і ў “мірны” час не знайшлі магчымасці на высокім узроўні аддаць даніну павагі таленавітаму паэту, які быў пахаваны каля Ялты. Такім чынам, 130-годдзе Максіма Багдановіча выкарыстоўваецца выключна для таго, каб прымусіць Украіну пайсці на саступкі.

Нягледзячы на тое, што ў такім дэманстратыўным парушэнні міжнародных нормаў мала канструктыву з пункту гледжання перспектыў узаемаадносін з надзвычай важным гандлёвым і палітычным партнёрам, якім для Беларусі з’яўляецца Украіна, але пакуль што рана гаварыць пра кропку незвароту. Больш таго, на дадзеным этапе адпраўка паўафіцыйнай дэлегацыі – гэта крок Менску, які насамрэч азначае, што пры пэўных умовах градус канфрантацыі будзе паніжацца. Відавочна, улада, насуперак ваяўнічай рыторыцы, не хоча губляць рынак нафтапрадуктаў ва Украіне. Таму і адпраўляе ў Крым перадавы атрад, задачай якога з’яўляецца падражніць Кіеў тым, што калі ўкраінская ўлада не зойме стрыманую пазіцыю па шэрагу балючых для беларускага рэжыму пытаннях, то сапраўды у Крым можа адправіцца і кіраўнік афіцыйнай Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ