Беларусь выключылі з працоўнай групы Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі



Выключэнне адбылося праз няспынныя акадэмічныя рэпрэсіі ў краіне. Рашэнне прынятае на паседжанні Балонскай групы ў Славеніі. Беларусь павінна была прыступіць да кіраўніцтва працоўнай групай у другой палове наступнага году. Паколькі яна ня сябра Еўразвязу, функцыі належала падзяліць з Чэхіяй.

Студэнцкія асацыяцыі і ініцыятыва «Грамадскі Балонскі камітэт» зарэгістравалі амаль 500 арыштаў студэнтаў, 12 чалавек асуджаныя паводле «справы студэнтаў», іх прызналі «схільнымі да экстрэмізму». Блізу 180 навуковых супрацоўнікаў пакаралі адміністрацыйнымі штрафамі з палітычных матываў. Згодна са звесткамі «Задзіночання беларускіх студэнтаў», крымінальныя справы заведзеныя супраць ня менш як паўсотні студэнтаў і выкладчыкаў, справы многіх дагэтуль застаюцца непублічнымі. Усе яны перасьледуюцца за ўдзел у акцыях пратэсту, якія з 1 верасьня 2020 году практычна штодзень праходзілі ў ВНУ.

Фота: sputnik.by