Эканамічны эксперт: Падстаў для аптымізму няма



З 8-га снежня ў дачыненні да Беларусі пачынаюць дзейнічаць заходнія санкцыі. Пра тое, што будзе з эканомікай Беларусі ў выніку прымянення санкцый мы пагаворым з “Госцяй Рацыі” – былым галоўным эканамістам аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў Беларусі Вольгай Кавальчук.

РР: Нелегітымная ўлада не праяўляе асаблівых хваляванняў па прычыне заходніх санкцый і не спыняе, а павялічвае агрэсію ў адносінах да людзей. Ці ёсць прычыны для такіх паводзінаў і аптымізму з боку ўладаў?

Вольга Кавальчук: Падстаў для аптымізму няма ўвогуле ніякіх. У іх проста няма іншага выйсця, як паказаць, што мы нічога не баімся. Стан у эканоміцы, на мой погляд як работніка вытворчасці, крытычны. Мы ў першую чаргу мусім глядзець на прыбытак. Можна зрабіць і прадаць сабе ў страту. Ад гэтага лягчэй нікому не стане. З’явіцца валюта, але яе хопіць на нейкі пэўны адрэзак часу. Для мяне заўсёды ёсць тры лічбы, якія я заўжды ацэньваю на прадпрыемстве. Першая лічба – гэта якая крэдыторская запазычанасць, колькі прадпрыемства некаму віннае, якая дэбіторская запазычанасць і якія запасы на складах. Я прывяду некаторыя грубыя лічбы – гэта тая сацыяльная статыстыка, якая ў нас ёсць. У нас дзесьці 94 млрд. беларускіх рублёў крэдыторская запазычанасць.  У нас каля 6 млрд., як сказаў Крутой, запасы на складах. І ў нас 54 млрд. дэбіторскай запазычанасці. То бок, звычайны арыфметычны разлік, мы маем 60 млрд. абарот – гэта вельмі дрэнныя абаротныя, іх жа яшчэ спагнаць трэба. І ці вернуць гэтыя грошы? І мы маем больш за 90 млрд. крэдыторскай. А вось нам гэтыя грошы прыйдзецца аддаваць. Аддаваць застаецца толькі за кошт аднаго – за кошт распродажу “фамільнага срэбра”. І калі ўлады сёння кажуць, што ў нас ўсё павыкупляюць, я ў гэтым вельмі сумняваюся. Бо сэнс купляць з такімі даўгамі? Толькі хіба нейкая палітычная воля Расеі будзе. Таму я вельмі занепакоеная.  

Што тычыцца санкцый, на жаль, у еўрапейскіх санкцый няма такога рэжыму як другасныя санкцыі. А амерыканскія санкцыі – вось што важна, у іх ёсць рэжым другасных санкцый. Бізнес больш за ўсё баіцца рэжыму другасных санкцый. Першыя амерыканскія санкцыі ўступаюць у сілу з 8-га снежня, а наступныя – да красавіка. Таму няма падставы для аптымізму.

А якія ў нас рэальны лічбы ў эканоміцы – на гэтыя пытанні адказаць вельмі і вельмі складана. Таму што ўсе дадзеныя схаваныя, і сёння наўрад ці хоць адзін эксперт у свеце, і я думаю, ужо і нашыя эканамісты наўрад ці ведаюць, якая ў нас сапраўдная карціна ў эканоміцы. І пра тое, што ў нас насамрэч адбывалася, гэта мы даведаемся толькі тады, калі ў нас усё зменіцца.

РР: Зараз ідуць вялікія звальненні людзей па палітычных матывах. Ці яны не заканспіраваныя наогул пад звальненні, якія мусілі адбыцца і без палітыкі?

Вольга Кавальчук: Маё меркаванне, так. Гэта проста выкарыстоўваюць такую нагоду, каб запалохаць і звольніць людзей, вызваліць, скажам так, ад  баласту. Але звальняюць, на жаль, не самых горшых, а самых лепшых. Каб вызваліць ад баласту прадпрыемствы, бо выцягнуць такую колькасць працуючых проста немагчыма.

РР: У якасці адказных мер на заходнія санкцыі, урад Беларусі прыняў рашэнне забараніць увоз шэрагу тавараў з краін, якія прымяняюць да нас санкцыі. Для насычэння рынку альтэрнатывай будуць тавары з тых краін, якія не прымяняюць да Беларусі санкцыі. Ці можна назваць гэта раўназначнай заменай?

Вольга Кавальчук: Гэта нельга назваць раўназначнай заменай. Народу прыйдзецца пацярпець і не бачыць добрых тавараў. Але гэта не крытычна. Сёння заробак медыйны значна меншы, чым сярэдні, прычым у разы. І яшчэ ніжэйшы за медыйны атрымлівае асноўная маса нашых грамадзян. Гэта 600 – 700 рублёў. А ў маленькіх гарадах яшчэ меншы. У людзей сёння няма матэрыяльных рэсурсаў, каб купляць. Цэны на нашыя прадукты харчавання, на жаль, вельмі высокія. І зразумела, сёння ў чалавека стаіць пытанне, як паесці, а не як купіць штосьці дарагое.

РР: Улады Беларусі спадзяюцца, што іх страты пакрые Расея. Вы з гэтым згодныя?

Вольга Кавальчук: Беларусь просіць 3 млрд. ужо год, далі 600 млн., і тое сказалі ў канцы 2022 года. Малаверагодна, што нехта будзе пакрываць выдаткі. Занадта вялікія страты. Расеі не патрэбная Беларусь у тым выглядзе, у якім яна сёння ёсць. Ёй не патрэбны другі Данбас і другі Крым. Яна проста гэта ўжо не пацягне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ©flickr.com