Пра тое, калі насамрэч беларусы развіталіся з камуністычнай дзяржавай



Роўна 30 гадоў таму здарылася адна з найважнейшых падзей у жыцці некалькіх пакаленняў беларусаў. Тры кіраўнікі славянскіх рэспублік СССР Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Барыс Ельцын падпісалі пагадненне ў Віскулях, якое паставіла крыж на існаванні камуністычнай імперыі. Калі для прыхільнікаў дэмакратычнага выбару падпісанне дамовы аб спыненні існавання СССР стала сапраўдным святам, то для людзей з інэртным мысленнем і ідэйных камуністаў распад іх дзяржавы стаў ледзьве не асабістай катастрофай. Нават праз дзесяцігоддзі многія жыхары былых савецкіх рэспублік адчуваюць фантомны боль па краіне, у якой выраблялася самае “смачнае марозіва” і самая “натуральная каўбаса”. Што праўда, гэтыя стэрэатыпы мелі мала супольнага з рэчаіснасцю. Уласнае марозіва ў СССР пачалі вырабляць на некалькі дзесяцігоддзяў пазней за свабодны свет, прычым патэнт на выраб эскімо набылі ў 1930-я гады ў ЗША. А калі вывучыць складнікі той знакамітай савецкай каўбасы за 2 рублі 20 капеек, якая выраблялася з чаго заўгодна, але толькі не з мяса, то цяпер зоаабаронцы наўрад ці б рэкамендавалі яе нават для хатніх гадаванцаў. СССР у канцы свайго існавання быў краінай са статусам касмічнай дзяржавы, але ў якой немагчыма было набыць якасную туалетную паперу. Эканамічныя цяжкасці, характэрныя для краіны з планавай гаспадаркай, ускладняліся невырашальнымі міжэтнічнымі канфліктамі па перыметры ўсёй імперыі, што, відавочна, вяло да заканамернага калапсу дзяржавы. 

Аналізуючы падзеі 30-гадовай даўніны, часта сустракаецца меркаванне пра збег выпадковасцей, якія прывялі да таго, што постсавецкія дзяржавы сталі самастойнымі. Але такі пункт гледжання – толькі часткова адпавядае праўдзе, паколькі ў некаторых савецкіх рэспубліках большасць насельніцтва сапраўды не жадала больш ані дня заставацца ў “турме народаў”. Жыхары краін Балтыі, Грузіі, Украіны яскрава прадэманстравалі прагу да незалежнасці шматтысячнымі акцыямі пратэсту і ланцугамі салідарнасці. У кансерватыўнай БССР, якую называлі “Перабудовачнай Вандэяй”, выразна незалежніцкіх настрояў большасць не падзяляла. Сярод насельніцтва пераважалі настроі разгубленасці і няўпэўненасці пры адсутнасці даверу да мясцовай камуністычнай наменклатуры. Таму навіна пра незалежнасць рэспублікі стала святам для дэмакратычнага актыву, творчай і навуковай інтэлігенцыі, часткі моладзі. Усведамленне таго, што мы, нарэшце, займелі свой дом, у якім пара станавіцца рэальнымі гаспадарамі, а не кватарантамі, не паспела прыйсці да 1994 года. Менавіта таму народ прагаласаваў масава за палітыка, які абяцаў вярнуць усё да стану рэчаў 1991 года.

За наступныя 30 год, аднак, выраслі новыя пакаленні беларусаў, якія навучыліся цаніць тое, што мы маем. Адным з вынікаў 2020 года стала тое, што суайчыннікі зразумелі, што менавіта ім і іх дзецям вырашаць, якой быць гэтай краіне. Народ узгадаў, што ён з’яўляецца крыніцай улады, як тое прапісана ў Канстытуцыі. Падзеі мінулага году ў Беларусі можна лічыць стыхійнымі пратэстамі за справядлівыя выбары, але, як мне здаецца, больш перспектыўна іх бачыць у больш шырокім кантэксце фармавання несавецкай еўрапейскай нацыі, якая ўзяла курс на пабудову беларускага дому на падмурку дэмакратыі, свабоды і роўных правоў для грамадзянаў. Такім чынам, Савецкі Саюз у Беларусі спыніў існаванне ў 2020 годзе.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ