На Гарадзеншчыне падлічылі самазанятых
На 1 снежня ў Гарадзенскай вобласці налічвалася амаль 7,5 тысяч самазанятых, якім для працы не трэба рэгістравацца ў якасці Індывідуальных прадпрымальнікаў. У асноўным гэта цырульнікі, сядзелкі і няні, а таксама рэпетытары. Дык вось, з пачатку года іх стала больш на 937 чалавек, піша „Вечерний Гродно”.
Што да прафесій, то цырульніцкія паслугі ў Гарадзенскай вобласці аказвае 2200 работнікаў. За няпоўны год іх стала больш на 495 чалавек. Рэпетытараў за гэты час стала больш на 139 чалавек, у выніку зараз іх налічваецца 1024.
Для ажыццяўлення дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка грамадзяніну неабходна звярнуцца з апавяшчэннем у любы падатковы орган, а не толькі ў падатковы орган па месцы жыхарства. У апавяшчэнні варта пазначыць від дзейнасці, перыяд і месца яго ажыццяўлення, – распавялі ў Інспекцыі па падатках і зборах Гарадзеншчыны.