У МУС распавялі, колькі чалавек пакаралі за „злачынствы” супраць сілавікоў



З пачатку года ў дачыненні да міліцыянераў і вайскоўцаў у Беларусі ўчынілі амаль 2 тысячы „злачынстваў”, звязаных з „выкананнем імі службовых абавязкаў”. За гэта да адказнасці ўжо прыцягнулі 332 асобы. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце „На страже” распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення ўнутранай бяспекі МУС Беларусі Алег Ларын.

Небачаная дагэтуль у нашай краіне з’ява — масавыя абразы, пагрозы на адрас сілавікоў — з’явілася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткага падаўлення вулічных пратэстаў. Звычайна ўсё заканчвалася каментарамі ў сацсетках, але іх аўтараў шукаюць і караюць дагэтуль. Праўда, Ларын заявіў, што былі факты гвалту, але прыклады не прывёў.

Міліцыянеры і вайскоўцы атрымалі праз суд кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры агулам больш за 375 тысяч рублёў. У той жа час пасля жніўня 2020-га не было распачата ніводнай справы аб гвалце з боку сілавікоў. Хаця той жа Аляксандр Лукашэнка нядаўна ў інтэрв’ю „Бі-Бі-Сі” прызнаў, што ён быў.