У Менску затрымалі супрацоўнікаў кампаніі А1 Telekom Austria Group
Сілавікі затрымалі прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 Мікалая Брэдзелева і начальніка аддзелу маркетынгу «Hyundai Аўтаград» Сяргея Бабашкова.
На «пакаяльным» відэа Брэдзелеў расказвае, што перадаваў блогеру Антону Матольку інфармацыю, «звязаную зь яго прафесійнай дзейнасцю».
У гэты ж самы дзень быў затрыманы начальнік аддзелу маркетынгу кампаніі «Hyundai Аўтаград» Сяргей Бабашкоў. На відэа сілавікоў мужчына прызнаецца, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.
Ён таксама сказаў, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту пасьля прэзідэнцкіх выбараў у мінулым годзе.
Кампанія А1 належыць аўстрыйскай A1 Telekom Austria Group. Амбасада Аўстрыі ў Менску адрэагавала на інцыдэнт з затрыманнем Брэдзелева. Там назвалі парушэннем асабістых правоў абнародаванне відэа з ягоным удзелам.
У кампаніі А1 Telekom Austria Group таксама асудзілі затрыманне прэс-сакратара беларускага офісу Мікалая Брэдзелева.
„Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе канфідэнцыйных дадзеных кампаніі. Акрамя таго, было апублікавана зневажальнае відэа, якое змяшчае інфармацыю пра яго асабістае жыццё. A1 Telekom Austria Group рашуча асуджае ўварванне ў асабістую сферу аднаго са сваіх супрацоўнікаў, паколькі яна падтрымлівае разнастайнасць і свабоду слова на працягу ўсёй сваёй дзейнасці”, — гаворыцца ў заяве кампаніі. Таксама ў A1 заяўляюць, што будуць выкарыстоўваць усе даступныя юрыдычныя і дыпламатычныя спосабы для падтрымкі і абароны супрацоўнікаў.