40 гадоў таму ў Польскай Народнай Рэспубліцы было ўведзена ваеннае становішча
40 гадоў таму, уноч з 12 на 13 снежня 1981 года, у Польскай Народнай Рэспубліцы было ўведзена ваеннае становішча. Улада ў ПНР перайшла ў рукі ваенных на чале з генералам Войцехам Ярузельскім. Быў спынены выхад прэсы, былі мілітарызаваныя тэлебачанне, радыё і прамысловыя прадпрыемствы. Была ўведзеная каменданцкая гадзіна. Усе прафсаюзы і грамадскія аб’яднанні былі дэлегалізаваныя. Забастоўкі і масавыя пратэсты гвалтоўна разганяліся арміяй і міліцыяй. Прычынай увядзення ваеннага становішча быў велізарны грамадскі канфлікт, яго бакамі былі: камуністычная ўлада і рух “Салідарнасць”.
Ваеннае становішча ў Польшчы было прыпыненае 31 снежня 1982 года, а адменена 22 ліпеня 1983 года. За гэты час пад пераслед трапіла больш за 10 тысяч актывістаў, звязаных з “Салідарнасцю”. Колькасць загінулых ацэньваецца прыкладна ў 40 чалавек.