Будзе новы дзень…



Снежань, слота, шэрань… Няпроста выцягваць сябе з-пад коўдры і распачынаць новы працоўны тыдзень, але што зробіш? Школу нельга прагуляць, калі ты дырэктар, нельга не пайсці на працу, калі ты дарослы, – старая добрая показка!

Ні навіны, ні надвор’е не спрыяюць пазітыўнаму настрою. І ўсё ж наперадзе Раство, Каляды, Новы год – гэтых святаў чакаюць і дзеці, і дарослыя, гэта шанец для любой сям’і сабрацца разам за святочным сталом, парадаваць і падтрымаць адзін аднаго! На жаль, такі шанец ёсць не ва ўсіх: хтосьці ў шпіталі, хтосьці ў турме, а хтосьці з’ехаў за мяжу. І ўсё ж беларусы збольшага ведаюць, дзе іх родныя геаграфічна, ці жывыя яны, ці здаровыя…

Тым часам 82% жыхароў Паўднёвай Карэі не ведаюць лёсу сваіх сваякоў з Паўночнай. У Паўночнай Карэі, дзе пануе дыктатура, караюць смерцю за любыя сувязі з Паўднёвай Карэяй, мяжа закрытая і ўзмоцнена ахоўваецца. Задумалі перайсці? Працоўны лагер або смяротнае пакаранне. Незайздросны выбар. Многія карэйскія сем’і былі падзеленыя ў выніку вайны 1950-1953 гг. Гэта насамрэч трагедыя – жыць, не ведаючы пра лёс родных, але ці не большай трагедыяй было б ведаць, што яны тут, побач, працуюць за пайку рысу ў суседняй вёсцы? Выбіраць недарэчы.

Прэмія European film awards за найлепшае кіно 2021 году – так званы “еўрапейскі “Оскар” – дасталася стужцы “Quo vadis, Aida?” Фільм заснаваны на рэальных падзеях трагедыі невялічкага горада Срэбраніца ў Босніі, дзе войска баснійскіх сербаў забіла звыш 8 тысяч мусульманскіх мужчынаў рознага ўзросту. 1995 год. Міратворчая місія, блакітныя каскі – і такі генацыд па суседстве, які яны “не заўважылі”. І не перашкодзілі. Неверагодна, што такія рэчы адбываліся адносна нядаўна ў Еўропе. Многія рэчы здаюцца немагчымымі для цывілізаванага чалавека. Ці маюць права людзі спадзявацца на калядныя цуды пасля ўсяго, што яны бачылі і зрабілі? І ўсё ж спадзяюцца не нешта.

Хочацца верыць, што цуд дастанецца таму, хто яго насамрэч заслужыў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ